Каманда Ціханоўскай прадставіла праект амністыі для палітвязняў
Каманда Святланы Ціханоўскай прадставіла праект амністыі для беларусаў, якія апынуліся за кратамі з палітычных прычын. Падрыхтаваны "Акт аб вызваленні ад адказнасці і аднаўленні ў правах асоб, якія пераследаваліся па палітычных матывах". Гэта механізм, з дапамогай якога плануецца "вызваліць з турмаў тысячы чалавек на працягу двух дзён" пасля змены сітуацыі ў краіне. Мяркуецца, што дакумент падпіша "лідар Беларусі ў пераходны перыяд".
Праект амністыі апублікаваны на сайце Ціханоўскай для абмеркавання. Асуджаныя і абвінавачаныя па палітычных артыкулах мусяць выйсці на волю на працягу двух дзён. Гэтых людзей тысячы, больш за 500 з іх прызнаны палітвязнямі. Таксама на волю выйдуць асобы, абвінавачаныя ці асуджаныя па артыкулах, якія не лічацца палітычнымі (той жа Віктар Бабарыка). Іх справы будуць перагледжаны.