Калякін: На некаторых участках за два дні прагаласавалі 40% выбарцаў

На гэтых выбарах адсотак тых, хто прагаласаваў датэрмінова, будзе рэкордным. Пра гэта заявіў каардынатар кампаніі "За справядлівыя выбары" Сяргей Калякін. За першыя два дні прагаласавалі 7,2% выбаршчыкаў. Гэта ў 1,2 разы болей, чым на мінулых выбарах, кажа Калякін. Калякін: "Калі тэмпы захаваюцца, мы выйдзем на рэкорд датэрміновага галасавання - прыблізна 38-40%. Мы бачым, што да гэтага ідзе. Улада паставіла сабе такую задачу. Безумоўна, гэтае галасаванне не адбываецца само сабой. На ўсю магутнасць уключаная адміністрацыйная машына, якая прымушае выбарцаў да датэрміновага галасавання".

Зараз галасуюць студэнты, вайскоўцы, міліцыянты, супрацоўнікі дзяржустановаў, а таксама вытворчыя калектывы. Па звестках кампаніі, рэкорд паставіў сталічны ўчастак №53 - гэта інтэрнат педуніверсітэта. Там атрымана 2650 бюлетэняў. На ўчастку прыблізна 2400 выбаршчыкаў, кажа Калякін. З іх за два дні прагаласавала 1180 чалавек. Гэта ўжо амаль 50% толькі за першыя два дні.

На участку №19 Ленінскага раёна Мінску выкладчык прывёў групу навучэнцаў і адзначаў у спісе, хто прагаласаваў, а хто не. Калі назіральнік кампаніі сфатаграфаваў спіс, усе студэнты адразу ўцяклі з участка, кажа Калякін.