Хлопец, якога стукнула люстэркам цягніка ў метро, атрымаў сур'ёзныя траўмы
Яго агледзелі медыкі і забралі ў лякарню хуткай дапамогі.
У абед 4 сакавіка, як паведамляла Еўрарадыё, у сацыяльных сетках з'явіліся паведамленні пра інцыдэнт на станцыі метро: цягнік люстэркам разбіў твар маладому чалавеку. Карыстальнікі сацсетак напісалі, што мужчына жывы, але твар у яго ў крыві.
Як распавёў Еўрарадыё прэс-аташэ мінскага метро Андрэй Кузьмін, здарэнне адбылося ў 13.36. Прычынай стала тое, што 23-гадовы хлопец занадта блізка падыйшоў да краю платформы:
Кузьмін: "Жыхар Мінскай вобласці 1991 года нараджэння перайшоў абмежавальную лінію, то бок, занадта наблізіўся да краю платформы. У выніку цянік, калі выходзіў з тунэля (а хуткасць прыстойная) люстэркам задняга віду нанёс пасажыру метро сур'ёзныя траўмы".
Па словах Кузьміна, маладога чалавека аглядзелі медыкі і забралі ў лякарню.
Дарэчы, за парушэнне правілаў хлопцу можа пагражаць і адміністрацыйнае спагнанне (ён перайшоў абмежавальную лінію на платформе), піша БЕЛТА.

Фота — MetroFoto, ria.ru