Глеб пакуль не гатовы да ўзроўню Барселоны — менеджэр футбаліста

Аляксандру Глебу ў складзе "Барселоны" першы час давядзецца выходзіць на поле толькі на замену. Капітан беларускай зборнай пакуль не набраў сваёй ранейшай формы. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў агент футбаліста Мікалай Шпілеўскі. “Адпачынак у Аляксандра сёлета быў па спартыўных мерках даволі доўгім. Таму, каб на такім узроўні выйсці на свае ранейшыя кандыцыі, яму спатрэбіцца пэўны час. Гэта мінімум яшчэ тыдні два. Глеб на сённяшні дзень на ўсе 100%, што тычыцца ўзроўню Барселоны, пакуль не гатовы”.

Нагадаем, учора капітан беларускай зборнай па футболе дэбютаваў у складзе Барселоны на міжнароднай арэне. Іспанскі клуб у першым матчы 3-га кваліфікацыйнага раўнда Лігі чэмпіёнаў на сваім полі разграміў кракаўскую “Віслу” 4:0. Аляксандр Глеб выйшаў на поле за 6 хвілін да заканчэння асноўнага часу, замяніўшы нападаючага Ц’еры Анры.

У “Барсе” беларус гуляе пад нумарам 21. Захаваць 13-ы нумар, які быў у яго ў “Арсенале”, не дазволілі іспанскія правілы: гэты нумар, па словах Шпілеўскага, замацаваны за варатарамі.

“У Сашы было тры варыянты нумару на выбар: 12,17 і 21. Ён узяў спачатку нумар 12, але роўна праз гадзіну перадумаў: памяняў месцамі адзінку з двойкай”.

Фота:  www.jamd.com