Фальшывыя квіткі на канцэрт Стынга з’явіліся ў Гродне (фота)

Гродзенская міліцыя пачала расследаванне па факце падробкі квіткоў на шоў Стынга “Symphonicity”, якое адбудзецца ў Мінску праз месяц. З продажу знята некалькі квіткоў па 350 тысяч рублёў кожны. Не выключана, што падробныя квіткі на нятанны канцэрт ужо з’явіліся і ў іншых гарадах. Таму Еўрарадыё папрасіла прадстаўнікоў кампаніі Allstars.by распавесці пра тое, як адрозніць сапраўдны квіток ад фальшыўкі:

“Сапраўдныя квіткі на канцэрт Стынга надрукаваныя на бланках Белдзяржцырка. Яны ўтрымліваюць вадзяныя знакі, а таксама серыю і нумар. Да кожнага квітка прыкладзены аркушык са штрых-кодам, які дазваляе прайсці праз турнікеты “Мінск-Арэны”. Электронныя квіткі сістэмы Ticketpro таксама надрукаваныя на абароненай паперы, на іх ёсць 16-значны код”.

Каб пазбегнуць махлярства, арганізатары канцэрта рэкамендуюць купляць квіткі толькі ў афіцыйных распаўсюднікаў, у касах і ў офісе Allstars.by ці на сайце Ticketpro.