Дзённік жыхара Славянска: пяць дзён жыцця на вайне
Мужчына, дызайнер па прафесіі, па гадзінах апісвае ўсё, што бачыць на ўласныя вочы.
Стылістыка аўтара захаваная.
Нядзеля, 8 чэрвеня
09:05 Раніцай разбудзіў фірмовы славянскі будзільнік — выбухі снарадаў. Вельмі дзіўна, што да гэтага часу народнымі сродкамі масавай інфармацыі мірнаму насельніцтву так і не патлумачылі, як паводзіць сябе на акупаванай тэрыторыі, на якой да таго ж вядуцца поўнамаштабныя баявыя дзеянні. Ды ладна. Мы дзелімся інфармацыяй ад бабуль, якія перажылі ВАВ. Цяпер працягваецца бой. Ідзе гадзіны дзве ўжо. Самая вялікая радасць — што я чую бой, але не бачу. Кіламетры 3-5 ад мяне. Аднак 2-3 снарады праляцелі дзесьці побач — аконныя рамы затрэсліся.
13:03 Цяпер ціха — народ з вёдрамі кідаецца туды-сюды. Вады не будзе, напэўна, да канца вайны. У мяне ёсць 27 літраў тэхнічнай і 10 літраў пітной. Стараюся няшмат есці, каб потым не выліваць ваду проста так... Як жа добра, што дзеці з жонкай усяго гэтага не бачаць. У мяне прыгожая дачка і разумненькі сын. Вось цяпер вырашаем куды выязджаць, калі зусім будзе ўсё сумна. Складана змірыцца з думкай, што бацькі застаюцца. Яны адсюль не з'едуць — гэта дакладна.
16:22 Прайшоўся па сваім квартале. Крамы працуюць. Асноўныя прадукты харчавання ёсць. Аптэкі зачыненыя ўсе. Грошы зняць з картак немагчыма. Узарвалі цэнтр адпачынку “Купецкі дом” — у асноўным там адпачывалі з дзецьмі. Там быў трохпавярховы дзіцячы гарадок унутры, дзіцячы кінатэатр. Бяда...
16:55 Цяпер у горадзе вельмі ціха. Шмат ластавак. Квітнее ліпа. Але цішыня гэта жахлівая — няма дзіцячых шумных галасоў. Вуліцы і двары ў асноўным пустыя. Як у фільме жахаў. Так, шмат людзей з'ехала — але паверце, шмат і засталося.
20:13 Пачалася ў калгасе раніца... Выбухі. Блізка. У прынцыпе вечары ціхімі не бываюць. Давайце лічыць. Былі два. Плюс яшчэ два. Усяго чатыры. Заціхла. Астатнія грымоты далёка.
Вось зараз паспрабую даведацца, куды дзявацца бежанцам. У жонкі пуцёўка заканчваецца ў пятніцу. Давайце паглядзім, ці магчыма некуды эвакуіравацца. Дазнавацца буду выключна выкарыстоўваючы інтэрнэт.
20:28 Беглы агляд нічога не даў. РФ — шмат вынікаў. Але я не разглядаю. Хацелася б ва Украіне. А хто-небудзь ведае пра тое, ці ёсць нейкія дзяржаўныя праграмы ў гэтым кірунку? Я пакуль не знайшоў. Але працягваю шукаць.
Пакуль шукаю інфармацыю пра дзяржаўную праграму зялёнага калідора і бежанцаў. Цэнтр горада: пад артабстрэлам загінуў новы крыты рынак і запраўка. Усё ў раёне аўтавакзала. Пяціпавярховы дом насупраць дзіцячай музычнай школы — практычна няма пятага паверха.
21:39 У горадзе ціха. На гарадскіх сайтах і форумах актыўна выкладваюцца адрасы людзей у прыватным сектары, якія гатовыя раздаваць ваду з калодзежаў. З вадой пачынаюцца праблемы. Вады ва ўсім горадзе няма трэці дзень.
Панядзелак, 9 чэрвеня
07:45 Добрай раніцы. Учора доўга не спалася. Ноч была адносна спакойнай. Прыкладна раз у 20 хвілін кароткія аўтаматныя чэргі. У адзін бок. У адказ стрэлаў не чуваць. Напэўна, хтосьці камусьці проста не даваў спаць. Раніцай каля сямі — стрэл гарматы. Выбуху я не пачуў. Таксама, мусіць, пажаданне добрай раніцы. Дзень пачынаецца з агляду навін. Дзіўна — як быццам нешта за ноч змянілася ў краіне, — але спыніць сябе немагчыма. Чытаю навіны, потым іду адведаць бацькоў. Сувязі няма. Нават лайф з раніцы заткнуўся.
08:43 Прайшоўся па двары. Людзей няшмат. Практычна ўсе з вёдрамі, бутэлькамі, каністрамі. Вады няма. Дарэчы, каб памыцца, дастаткова 6 літраў вады. Потым гэтая вада таксама выкарыстоўваецца. Ні кроплі не выліваецца проста так. Мама расказала, што бачыла па ТБ. Пастаянна плакала. Я бачыў на ютубе той ролік, які яе вывеў з раўнавагі... Бацькі не было — ён паехаў на ровары паліваць агарод. На гародніну відавочна грошай не будзе. Цяпер надзея толькі на сябе. Падышоў да некалькіх купак людзей. Цяпер няма паняцця — знаёмыя, не знаёмыя. Адразу прымаюць цябе ў абмеркаванне. Ва ўсіх гутарках два асноўныя тэгі — мір і смерць. Мір: калі ж наступіць, пан Парашэнка паабяцаў на гэтым тыдні скончыць вайну. Смерць: пажылыя людзі кажуць адно і тое ж — нікуды не паеду, наканавана — памру тут. Пастаянны страх за жыццё з часам ператвараецца ў злосць і нянавісць да ўсіх. І да апалчэнцаў, і да ўлады. Але не веру, што ўсё гэта можа скончыцца за тыдзень.
09:34 5 канал: “На Сході і Півдні України сьогодні — град і шквал” — гэта добра. Раней у нас у стыхію спынялі баявыя дзеянні. Ведаеце, калі грыміць гром — гэта значна прыемней. Пра гром — калі было пахмурна, пра выбухі дзецям мы казалі, што гэта гром. А вось у яснае надвор'е — тут ужо толькі праўду.
10:44 Чытаў каментары. Людзі прапануюць дапамогу... Закарпацце, Львоў, Ізюм, Харкаў... Ды вы самі чытаеце каментары. Усё выпісваю ў дакумент пад назвай “куды бегчы.txt”. З жонкай дамовіліся, што ў сераду будзем прымаць рашэнне і тэлефанаваць. Людзі па сутнасці сваёй добрыя. Я ў гэтым упэўнены. Блін... мяне расчуліла Ваша дабрыня. Дзесьці далёка грымоты выбухаў. Гэта пакуль не трывожыць.
10:50 Гэта былі не выбухі. Гэта быў гром! Я стаяў на балконе і зразумеў, што ўсміхаюся грому. Цяпер я люблю гром. Гэта прырода. Гэта натуральна. Гэта выдатна.
12:17 Мне шмат тэлефануюць і пытаюцца пра сітуацыю ў горадзе. Рэальна стамляе распавядаць адно і тое ж. Больш за ўсё злуе, калі яны пачынаюць распавядаць, як мне сябе тут паводзіць. Дзе хавацца. Многія, тэлефануючы, гнеўна, да пены з рота, праклінаюць то тых, то іншых. Разважаюць, хто сапраўды бамбардуе горад. Спрабуюць мяне ў чымсьці пераканаць. Я не палітычны. Але пачынаю разумець, што на адлегласці многае казаць лёгка і проста. На адлегласці і я, напэўна, пачну мудрагеліць і расказваць, як трэба было б зрабіць уладам. Як трэба было б зрабіць мясцовым. На адлегласці ўсё ясна і зразумела. Пайшоў лівень ... Ой-ёй. Гэта ж вада. Пайду куды-небудзь вядро пастаўлю.
12:41 Дождж — гэта проста цуд. Два вядры з вадой. Так весяліліся людзі. Хлопцы проста выйшлі з мылам і шампунем і купаліся. Каля ўсіх пад'ездаў стаялі людзі з вёдрамі. Нарэшце можна было ўбачыць, колькі людзей засталося. Тут я шакаваны. Засталося вельмі шмат людзей. Я думаў, значна менш. Хвалісты шыфер — гэта цудоўнае вынаходства. З яго цякуць сабраныя бруі вады. Хочаш — набірай, хочаш — купайся. Трэба запомніць гэтыя адчуванні. Нібы няма вайны.
17:14 Зацішша. Упарта папаўзлі чуткі пра тое, што апалчэнцы плануюць адыходзіць. З іншага боку — што горад Снежнае рыхтуецца стаць другім Славянскам. Пачалі абмяркоўваць — а ці можа быць горш? Думаю, калі пачнуцца вулічныя баі — будзе горш. Трэба, напэўна падрыхтаваць сумку з дакументамі, ежай і вадой на выпадак доўгага сядзення ў склепе. У бацькоў у пад'ездзе невялікае сутарэнне. Там адзін пакойчык. Чалавек 10 улезе. Сёння вечарам буду ў бацькоў — пагавару. Можа, там заўтра парадак у склепе навесці.
19:57 У Сямёнаўцы працягваецца бой. Я яго не адчуваю. Уся інфармацыя па рацыі. Вось цяпер я разумею, што такое проста чытаць хроніку. Гэта значна спакайней. Я сёння ні разу не бегаў у калідор хавацца. У мяне там месца абсталяванае. Планшэт, коўдра, падушка і бутэлька з вадой. Калі бамбяць — чамусьці хочацца піць ваду пастаянна і курыць.
21:14 Нешта адбываецца дзіўнае. Я чую вельмі слабыя гукі выбухаў (далёка), а затым варушыцца падлога. Так — перадаюць, што бой паміж Сямёнаўкай і Мікалаеўкай у разгары. Але гэта кіламетраў 15 ад мяне… Усё — паляцела на мой раён. Ляжу ў калідоры. Спачатку стрэл адсюль — і адразу адваротка. Б'е САУ, па гуку яна зусім побач. Цяпер нас накрые адвароткай.
Я так думаю, што спрабуюць адвесці агонь ад Сямёнаўкі. І здаецца, яго адвядуць на нас. Папаўзу выключу манітор. Я яго кладу на падлогу, каб захаваць ад аскепкаў.
Аўторак, 10 чэрвеня
08:53 Добрай раніцы. Выйшаў на балкон і зразумеў — Дзень сурка. Людзі з вёдрамі, каністрамі, біклажкамі ходзяць туды-сюды ў працэсе водаздабычы. Зараз праведаю бацькоў. Раней бы патэлефанаваў проста. Але ў адсутнасці сувязі ёсць свае плюсы. Пайду да іх фізічна, а не з дапамогай сотавай сувязі. Дзень сурка. Горад не працуе. Людзі нікуды не перамяшчаюцца. Усё закальцаванае на адных і тых жа паўтаральных падзеях. Вада — навіны — чаканне артабстрэлу і — самае страшнае — чаканне вулічных баёў.
11:44 Я куру. Таму другі пункт — кіёск з цыгарэтамі. Ён таксама працуе ўсяго некалькі гадзін, таму чарга. Падыходзячы, чую пытанне пакупніка — а што сёння даюць? Людзі старэйшага ўзросту цяпер вельмі добра ўспомняць гэта пытанне. А давалі сёння нейкія Lifa Ocean па 10,50 грн. Дарэчы, цыгарэты львоўскія. Я калі прачытаў — нават усміхнуўся. Львоў — чароўны горад. Было яшчэ некалькі відаў, але знаёмая прадаўшчыца сказала — бяры гэтыя.
Пытанне са спажывецкімі перавагамі цяпер у горадзе неактуальнае. Ёсць толькі напрамкі: каўбаса, сыр, малако і гэтак далей. Але ніхто ўжо не выбірае паміж вытворцамі, гэтага выбару проста няма.
12:40 Людзі на вуліцах сёння ў асноўным гаварылі пра смерць. Пра смерць сваіх знаёмых, родных, сяброў. Я паспрабую напісаць самыя частыя тэгі ў размовах: адарвала, у галаву, разарвала, трое да смерці, забіла, што ж робіцца, паразіты, нелюдзі, Парашэнка (ніхто не ўспамінае прозвішчы Яцанюка, Турчынава, Авакава — на слыху толькі Парашэнка), а куды ехаць, вунь выехалі — ужо вярнуліся, хто б мог падумаць, чаму Славянск... Цяпер вельмі ціха ў горадзе.
15:20 Дзень сурка. Кожны паставіў вядро на ўчорашняе месца. Хлопцы, якія купаліся пад душам на краі шыферу — купаюцца і сёння. Расказалі пра новы метад здабычы вады. Калі ёсць вяроўкі, на якія вешаюць бялізну за балконам — то ты ў шакаладзе. Нацягваеш на іх плёнку, і вада зацякае проста на балкон. Ну а там справа толькі кемлівасці, як яе перахапіць… Я пазнаёміўся з суседзямі. Паўгода тут жыву — вось цяпер толькі пазнаёміўся.
19:24 Я не чуў тут ад мясцовых, каб войска ваявала з мірным насельніцтвам. Калі чалавек без зброі, з дакументамі — праблем не было. Былі жудасныя гісторыі. Але там заўсёды былі пэўныя нюансы. У плоскасці майго асабістага нейтралітэту я пра іх расказваць не буду. І барані вас Бог нешта зрабіць з пашпартам. Я на вуліцу без пашпарта не выходжу.
Пачынае цямнець... Апошнія два дні паказалі, — што трэба пачынаць чакаць бяды. Калі тры дні таму бамбілі бліжэй да абеду, то апошнія дні — пасля заходу сонца.
22:10 Два выбухі, толькі што. І смех і грэх. Тут жа засвістаў у кагосьці чайнік са свістком. Свіст у нашым горадзе — гэта ўсё. Калі ты чуеш, як свішча, то ляціць да цябе. Увогуле, у мяне ніколі ад імбрычка так ногі не халадзелі. Пачаўся бой. Калі чуваць аўтаматы — то недалёка. А яны чуваць.
Серада, 11 чэрвеня
10:50 Яўнага марадзёрства ў горадзе няма. Але нацыяналізацыя прысутнічае. Я чуў аб нацыяналізацыі камп’ютарнай тэхнікі, электрагенератараў. Бярэцца з наступным вяртаннем па заканчэнні. Па заканчэнні чаго, не гаворыцца.
15:48 Вось яшчэ толькі што расказалі. Сувязі практычна няма. Гэта ўжо ўсе ведаюць. Але як толькі выязджаеш за Ізюма ў бок Харкава — яна стабільная. Нават мне цікава — гэта так “усыпалі-разбамбілі” сотавае абсталяванне ці гэта спецдзеянні таксама. Схіляюся да першага. Планую напісаць серыю нататак аб тым, што трэба падрыхтаваць і зрабіць, “калі наступіць Славянск”.
16:45 Працягну пра грошы. Вось што паказала гэтая жудасная сітуацыя. Пакаленне, якое нарадзілася пасля 80-х, наогул не запаслівае. У асноўнай масы няма ні запасаў грошай, ні запасаў прадуктаў. Я такі ж (такі ж быў, паверце, высновы зробленыя жалезныя). Калі б не жонка, і запасаў прадуктаў бы не было. Крупы, соль, дарагі цукар, тлушчы, парашкі, мыйныя сродкі, замарожаныя мяса і пяльмені-варэнікі. Нават катлеты ў мяне ёсць замарожаныя — яна заўсёды іх пакрыху марозіць. Пакаленне, якое нарадзілася ў 40-я—50-я — гэта зусім іншыя людзі. У маіх бацькоў ёсць запасы ўсяго! Уключаючы наяўныя грошы. Выснова: вучыцеся ў бацькоў весці гаспадарку, пакуль яны жывыя.
19:07 Прайшоўся па мікрараёне. Ёсць адзін факт і куча страшных здагадак. Пачнём з факту: апалчэнне раздавала ваду. Грузавыя машыны з упакоўкамі вады. І газаваная, і без газу. Бутэлькі ад 1,5 літра да 6 літраў. Вялікіх быццам бы не неслі. Людзі бралі проста ўпакоўкамі — колькі маглі панесці. Апалчэнцы, тыя, хто развозіў, — чыстыя, спакойныя, голеныя.
Чацвер, 12 чэрвеня
10:47 Раніца. Пахмурна. Ціха. +18 градусаў. Працягваюць раздаваць ваду. Грузавікі заязджаюць у кожны двор. Шмат людзей выйшла на вуліцу. Ні пра якія 7000 жыхароў, што засталіся, гаворкі быць не можа. Так, ноччу горад амаль не свеціцца. Улічваючы, што ў палове горада няма святла, а астатнія проста яго не ўключаюць, як ён можа свяціцца. Вось я ноччу іду да халадзільніка па ваду навобмацак. Святла адчыненага халадзільніка хапае, каб наліць вады і выпіць. Святло не ўключаеш на нейкім падсвядомым узроўні. Максімум — экран тэлевізара, у каго яшчэ працуе кабельнае. Я не ведаю, колькі засталося чалавек. Думаю, мінімум 50 000. Толькі на маім раёне жыло больш за 30 000. І ён вельмі ажыўлены цяпер.
13:57 Падышоў мужчына з цэнтра горада. Ён падключыўся да размовы і сказаў, што хадзіў па раёне аўтавакзала і налічыў каля 10 варонак ад мін. Ён з жонкай пераехаў жыць у прыватны сектар. Кажа, што ў кожнай хаце па 2-3 сям'і цяпер жыве. Гэта людзі, якія пераехалі з цэнтра горада і высокіх дамоў, лічаць, што ў прыватным доме бяспечней, плюс калодзеж з вадой. Там шмат дзяцей. Дзеці ўжо не рэагуюць ні на стрэлы, ні на выбухі. Толькі маці выбягаюць на вуліцу і цягнуць іх у склеп. Я таксама адчуў, што дзесьці пасля 40-га дня нямоцна рэагуеш на выбухі. Толькі калі вельмі побач, тады хаваешся ў сховішча.
15:15 З працай ёсць праблема. Цяпер я дыстанцыйна займаюся паліграфічным дызайнам. Першая замова — вельмі светлая, паветраная тэматыка. Радасць, усмешкі і шчасце. Гэта мая любімая тэма ў дызайне. Ніколі не любіў рабіць постары для гангстар-рэп альбомаў, але так складана прывесці сябе ў стан лёгкасці. Хадзіў да бацькоў (больш мне няма з кім мець зносіны тут). Мама кажа: "А ўяві, што няма вайны, што дзеці ў школе, а жонка на працы”. Банальна, але іншых метадаў няма, таму я ўсё ж такі паспрабую. Дарэчы, алкаголю наогул не хочацца.
22:13 Дарагія і ўжо любімыя чытачы маіх нататак! Я вымушаны спыніць іх трансляцыю. Я буду старацца працягваць іх пісаць. Спадзяюся на сувязь у выхадныя. Міру, дабра, ласкі Вам і Вашым блізкім. Апошняе. На сёння сарафаннае радыё кажа, што ў горадзе 60 000 чалавек, з іх 3 000 дзяцей. І, як заўсёды, гэта толькі чуткі-здагадкі. Памятайце: у дадзены час самае каштоўнае — гэта наяўныя грошы (ва ўсіх асноўных валютах), золата, упрыгожанні, брыльянты і сваякі ў глухіх вёсках. І мне ўжо пофіг, па чым цукар. Беражыце сябе, любіце бацькоў. Спадзяюся, да сустрэчы.
Фота Reuters, з сацыяльных сетак. Арыгінал дзённіка і яго больш поўную версію можна знайсці тут.