Дзімтрый Ус: Невядомыя пужаюць маю 70-гадовую маці

Невядомыя псіхалагічна ціснуць на маці Дзмітрыя Уса. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў былы кандыдат у прэзідэнты. Дзмітрый Ус: “Мая маці жыве адна ў кватэры. Званілі ёй а 10-й гадзіне вечара, як быццам з Міністэрства ўнутраных спраў. Кажуць, каб я з'явіўся па нейкім невядомым адрасе. Ёй 70 гадоў, яна ў гістэрыцы, што ёй звоняць, прыходзяць. Хаця яны ведаюць, дзе я прапісаны, дзе працую, ведаюць тэлефоны, па якіх я даступны. Але такім чынам хочуць запужаць маіх сваякоў”.

У дзве гадзіны ночы з 19 на 20 снежня Дзімтрыя Уса з яго кватэры адвезлі ў КДБ, дзе размясцілі ў ізалятары.

“Але ў тую самую ноч у 5 гадзін раніцы тыя самыя супрацоўнікі КДБ заявіліся і да маці, прадстаўляючыся супрацоўнікамі МУС, нібыта каб “забраць” мяне”, – расказаў Дзмітрый Ус.

10 студзеня Дмітрый Ус атрымаў ад Міністэрства ўнутраных спраў запыт прадставіць пералік сваіх службовых абавязкаў як дырэктара прадпрыемства “Трывіюм”, мажліва, у рамках нейкай заведзенай справы. Нагадаем, 24 снежня на прадпрыемстве “Трывіюма” быў праведзены ператрус: забралі камп’ютары, падпісныя лісты за Уса і Статкевіча, улёткі кандыдатаў, перапіску з АБСЕ.