Даверанай асобе Саннікава вынесена папярэджанне

Даверанай асобе Андрэя Саннікава Віктару Мізяку з Баранавічаў вынесена папярэджанне. Аб гэтым паведаміў прэс-сакратар кандыдата Аляксандр Атрошчанкаў, перадае БелаПАН. Паводле яго слоў, папярэджанне Мізяку вынесла Баранавіцкая гарадская выбарчая камісія за няправільна аформленыя заяўкі на правядзенне пікета ў падтрымку Саннікава на цэнтральнай плошчы каля кінатэатра "Кастрычнік", распавёў Атрошчанкаў.

Мізяк падаў заяўку ў паведамляльным парадку. У камісіі адзначылі, што гэтае месца не ўключана ў пералік месцаў для пікетавання. У сувязі з гэтым заяўка падаецца не ў паведамляльным парадку, а ў дазвольным, і рашэння па ёй трэба чакаць тры дні.

Паводле слоў Атрошчанкава, Мізяк не збіраецца чакаць дазволу і мае намер праводзіць пікет, дзе планаваў.