Цыганы загіпнатызавалі вёску і знеслі каля 4 000 долараў

У вёску Людвінова Лагойскага раёна наведаліся цыганы і нібыта загіпнатызавалі яе жыхароў. Яны абрабавалі два дамы з чатырох і забралі ўсе грошы, якія старыя прыхоўвалі “на чорны дзень”. Жыхары Людвінова не ведаюць, у які час іх абрабавалі. Старыя адкладалі грошы з кожнай пенсіі ўжо шмат гадоў. І калі паштальён прынесла ім чарговую пенсію, яны, як заўсёды, збіраліся пакласці ў схованку частку грошай. Тады і аказалася, што запасаў ужо няма.

Канстанцін Каваленя: “ - Гэтыя цыганы яшчэ і гіпнатызёры. Кажуць, яны “туману напусцілі” на гэтых людзей. Яны і распавядаюць, што адна цыганка трэсла ўсё перад тварам вопраткай, прапаноўвала набыць, а іншая недзе падзелася, можа, у хату пралезла і шафы паадчыняла, абрабавала.
- І жыхары не памятаюць, як гэта было?
- Не”.

У цыганскі гіпноз вераць усе, акрамя ўчатковага міліцыянта Сяргея Хадаметава. Ён расследуе гэтую справу, але мала на што спадзяецца: калі абрабавалі – невядома, а час ідзе, і сляды знікаюць.

Сяргей Хадаметаў: “Там у вёсцы чатыры жылых дома, жыве там сем чалавек. Усе яны пажылога ўзросту, самы стары з 1928 году, малады – недзе з 1932 году. Што пенсіянеры могуць яшчэ сказаць: гіпноз! Вы ж самі ведаеце цыганоў, яны проста падманваюць. Яны, дарэчы, не працуюць у нас у “вялікіх” гарадах, а выбіраюць такія малыя вёсачкі, дзе людзі старыя”.

Канстанцін Каваленя распавядае, што цяпер, калі бабулі бачаць цыганоў, якія “цягаюцца” па вуліцах, яны адразу накідаюць на дзверы кручок. Не баіцца хіба што Ганна Канстанцінаўна Лукша, уладальніца адзінага ў вёсцы тэлефона. Яе хату абмінулі цыганы, якіх падазраюць у рабаўніцтве.

Ганна Канстанцінаўна: “Так, хадзілі цыганы, тры групы было. Але тыя, што абрабавалі, у нашай хаце не былі. Яны абрабавалі дзвюх жанчын, іх у нас называюць сёстрамі, бо яны неразлучныя сяброўкі. Я бачыла толькі першых і апошніх, і яны вельмі добрыя людзі. Сёстры кажуць (але хто іх ведае!), што ў адной скралі два мільёны рублёў, а ў другой два мільёны таксама і яшчэ дзве тысячы долараў”.