Ціханоўскі распавёў, як яго намагаліся "адкарміць" перад вызваленнем

Сяргей Ціханоўскі / Офіс Святланы Ціханоўскай
За месяц да вызвалення супрацоўнікі турмы намагаліся "адкарміць" Сяргея Ціханоўскага. Пра гэта сам Ціханоўскі распавёў падчас сваёй першай прэс-канферэнцыі.
"Масла, тварог, сок, малако, мяса, жыры... І двайную порцыю. І гэта я ўсё роўна так выглядаю. Уявіце, якім бы я быў..." — кажа Ціханоўскі.
Ён упэўнены, што калі б да яго асобы не было асабістай увагі з боку міжнароднай супольнасці, ён бы не перажыў зняволення.
"Я б ужо здох. Сто адсоткаў. Рэжым проста сказаў — падтрымлівайце яго здароўе", — сказаў палітвязень.
Напачатку прэс-канферэнцыі ён распавёў, што важыць 79 кілаграмаў. Дачка не пазнала бацьку, калі яны сустрэліся. Распавядаючы пра гэты эпізод, Ціханоўскі не змог стрымаць слёз.
У дзень вызвалення палітвязню надзелі на галаву мяшок. У той дзень вязні зноў нічога не елі, і толькі калі да іх прыйшоў амерыканскі дыпламат, яны атрымалі ваду і шакалад.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.