Ці адмовяцца беларускія футбалісты ад “экстрэмісцкіх” нумароў?

Таксама, як і гульцы зборнай Беларусі Пуціла і Жаўняроў.
Беларускім футбалістам рэкамендавалі не гуляць пад “экстрэмісцкімі” нумарамі. У лік лічбаў, так ці інакш звязаных з нацызмам, трапілі 14, 18, 28 і 88.

“У першую чаргу гэта зроблена для таго, каб не было апраўдання ў фанатаў, якія калі-небудзь могуць вывесіць на трыбунах банеры з гэтымі лічбамі, — распавёў Еўрарадыё кіраўнік прэс-службы Беларускай федэрацыі футбола Андрэй Чэпа. — Бо калі на полі гуляе, напрыклад, Вася Пятроў пад 88-м нумарам, а на трыбунах з’яўляецца банер з лічбай “88”, заўзятары маглі б сказаць: “Гэта мы так падтрымліваем Васю Пятрова”.

З прозвішчам “Пятроў” Андрэй Чэпа, што называецца, угадаў: у салігорскім “Шахцёры” пад 14-м нумарам гуляе 19-гадовы нападаючы Аляксей Пятроў. Але зараз срэбнаму прызёру апошняга чэмпіянату Беларусі не да таго, каб разважаць над футбольнай нумаралогіяй: клуб у поўным складзе знаходзіцца на зборах у Турцыі,

“Я думаю, што пра гэта яшчэ не думалі, — распавялі нам у прыёмнай “Шахцёра”. — Яны на зборах у Турцыі… І, магчыма, задумаюцца як раз зараз”.

“Гэта проста рэкамендацыі, — дадае Андрэй Чэпа. — Ёхан Кроіф, знаны яўрэйскі футбаліст, усё жыццё гуляў пад 14-м нумарам, і гэтым усё сказана. І, па-другое, калі нехта захоча гуляць пад такім нумарам — ніхто не можа яму забараніць гуляць. Калі ласка! Гэта каб трымалі пад увагай і ўстрымаліся, калі што, але ні ў якім разе не забарона ці абавязальніцтва для клубаў”.

Не датычыцца антыэкстрэмісцкая рэкамендацыя і зборнай Беларусі, у якой пад № 14 гуляе Антон Пуціла, а пад № 18 — Эдуард Жаўняроў.

“Рэкамендацыі гэтыя дадзеныя на ўнутранае першынство, — удакладняе Андрэй Чэпа. — Бо ёсць абавязальніцтвы, ёсць рэгламент УЕФА і ФІФА, згодна з якім у зборных камандах нумары з 1 па 50”.

Выказаў сваё стаўленне да ініцыятывы федэрацыі і Віктар Ганчарэнка, галоўны трэнер барысаўскага БАТЭ:

Віктар Ганчарэнка: “Не думаю, што гульцы, калі абіраюць свае нумары, думаюць пра нейкія экстрэмісцкія выхадкі. Тым больш тыя, хто меў такія нумары ў мінулым сезоне. Я думаю, што яны ўвогуле пра гэта не задумваюцца”.

Толькі адзін футбаліст з асновы БАТЭ падпадае пад рэкамендацыі. Гэта 24-гадовы паўабаронца Максім Бардачоў. Мяркуючы па словах Віктара Ганчарэнкі, № 18 на сваёй футболцы ён захавае:

“Калі б мы адчувалі, што нехта набліжаецца да таго, каб нешта зашыфраваць у сваім нумары, мы б гэта адразу спынілі. А так — не бачу вялікага сэнсу”
, — зазначыў Віктар Ганчарэнка.

Даведка:
14/88 – гэта кодавы лозунг, які ўжываецца ў якасці прывітання ці аўтографа ў “белых нацыяналістаў”. 14 – колькасць слоў з вядомага прынцыпа нацыяналіста Дэвіда Лэйна, 88 – зашыфраваныя літары HH, якія азначаюць “Heil Hitler”. Лічбай 18 неанацысты кадуюць дзень народзінаў, а таксама імя і прозвішча Адольфа Гітлера (18 = AH). Лічбай 28 шыфруюцца лацінскія літары BH – абрэвіятура адной з самых уплывовых у сусвеце ультраправых арганізацыяў “Blood&Honour”.

На фота:
Сяргей Карніленка, нападаючы зборнай Беларусі на футболе.
Фота:
www.rubin-kazan.ru, www.sports.ru