Чыжык просіць Лукашэнку, каб ён яе выслухаў

Прадпрымальнік, які гандлюе пасцельнай бялізнай, і член Савета па развіцці прадпрымальніцтва пры прэзідэнце Кацярына Чыжык аднесла ў Адміністрацыю ліст, дзе просіць аб сустрэчы з прэзідэнтам. Еўрарадыё высветліла, што апошні раз Чыжык і Лукашэнка сустракаліся два гады таму.

Кацярына Чыжык гаворыць, што аднесці ліст напрамую ёй дапамагло яе афіцыйнае становішча ў Савеце: прыватная асоба павінна дасылаць яго па пошце.

Кацярына Чыжык: Па-першае, мне далі адрас аддзела лістоў. Сёння ў другой палове дня я змагу дазнацца лёс гэтага ліста: хто яго будзе разглядаць. Па-другое, канешне, я спадзяюся, што мне адкажуць.

Кацярына Чыжык вырашыла сябе застрахаваць, таму накіравала свой ліст у СМІ. Яна гатова сустрэцца з прэзідэнтам хоць сёння. А галоўнае, гутарку яна збіраецца будаваць на ўласным прыкладзе.

Кацярына Чыжык: Галоўнае - мой уласны прыклад. Грунтуючыся на ім, я змагу расказаць аб сітуацыі іпэшнікаў па краіне. Тым больш, што я з імі шчыльна кантактую і ўзначальваю савет па малым бізнэсе пры БСП, таму яны звяртаюцца і просяць мяне ўдзельнічаць ва ўсіх працэсах.

Апошні раз Кацярына сустракалася з прэзідэнтам два гады таму, калі Лукашэнка наведваў гандлёвы цэнтр “Малінаўка”, і задавала яму каверзныя пытанні. На пытанне, наколькі плённай зможа стаць гэта гутарка, калі адбудзецца, Кацярына адказала, што не ведае, ці зможа схіліць прэзідэнта на свой бок.

У лісце Чыжык не абазначае фармат сустрэчы: будзе гэта тэт-а-тэт ці прэзідэнт пакліча да сябе Савет па развіцці прадпрымальніцтва.

Кацярына Чыжык: Я павінна была праявіць ініцыятыву, і я гэта зрабіла. А як будзе праходзіць сустрэча… Галоўнае, каб яна адбылася, а ўжо ў якім фармаце і якіх рамках, гэта вырашыць Адміністрацыя.

Яшчэ раней Кацярына Чыжык сказала нашаму радыё, што льготная сістэма пераходу ў ЧУПы яе не задавальняе, таму яна застанецца ІП. Як даведалася Еўрарадыё, Кацярына Чыжык рэалізуе пасцельную бялізну ў дзвюх сваіх крамах.

Кацярына Чыжык: Я не пераходзіла і не збіраюся пераходзіць ва ўнітарнае прадпрыемства. Калі ў кагосьці ўзнікла такое жаданне – на здароўе. Тыя ўмовы, якія стварыла ўлада для юрыдычнай асобы, проста нерэальныя. Таму прасцей за ўсё закрыцца, чым збанкрутаваць у першы месяц пасля рэгістрацыі.


Як гэта было:

Два гады таму Чыжык (на сустрэчы прэзідэнта і прадпрымальнікаў у гандлёвым цэнтры “Малінаўка”) задавала кіраўніку, на наш погляд, самыя складаныя пытанні: пра крэдыты Нацбанку ў падтрымку малога бізнэсу, нізкія падатковыя пошліны пры ўвозе тавара ў краіну, самаўпраўства падаткавай інспекцыі і АБЭЗ (ОБЭП). Вось самыя яркія цытаты.

К.Ч. Яшчэ адна вельмі вялікая праблема, якая з’яўляецца знешнім раздражняльнікам для прадпрымальніка, калі патрэбна кагосьці ўзбурыць, - гэта надмерныя штрафы, несувымерныя з правапарушэннем. Прыйшлі, праверылі, штраф па 500 тысяч выпісалі ўсім. А ведаеце, як яшчэ робяць? Апячатаюць тры крамы. Разумееце?

А.Г. Лукашэнка: Гэта падаткавыя інспекцыі?

К.Ч. Гэта і АБЭЗ (ОБЭП), і падаткавыя. Усе фіскальныя органы.

А.Г. Лукашэнка: Значыць, давайце дамовімся так. Калі раптам пачаліся “рэпрэсіі” ў дачыненні да 2-3 крам, неадкладана патрабуйце да сябе кіраўніка адміністрацыі раёна. На працягу сутак ён павінен адгукнуцца. Пры неабходнасці дакладзіце мне. Па падаткавай інспекцыі, АБЭЗу, КДБ, Камітэту дзяржкантролю. Не саромцеся. Я ўпэўнены, што гэтую праблему мы вырашым неадкладна. Прадпрымальніца мае рацыю. І мяне спецслужбы і Служба бяспекі пастаянна арыентуюць, што ёсць бясчынствы. Ёсць, ведаеце, занадта заўзятыя. І яны што заўгодна могуць закруціць. Таму трэба гэтае самаўпраўства спыніць. Але і вы павінны быць актыўнымі. Доступ вашага Савета да кіраўніка адміністрацыі і да мэра Мінска – бесперашкодны. Калі вас недзе не прымуць, за гэта адкажуць.

К.Ч. Але іх дзеянні правамерныя…

А.Г. Лукашэнка: А ў гэтым ужо разбяруцца органы ўлады. Правамерныя-неправамерныя. Прыдзірка ці не прыдзірка.

К.Ч.
Штрафы часам даходзяць да мільёна. За парушэнне на 50 тысяч, дапусцім. Гэта спусташэнне. Не памыляецца той, хто не працуе.

А.Г. Лукашэнка: За памылкі штрафаваць не будзем. Але за наўмысныя парушэнні – не мільён будзе, а болей.

К.Ч. А як гэту грань правесці?

А.Г. Лукашэнка: Грань правядзем. Мы ведаем, як правесці гэту грань.

К.Ч. Дзяржава падтрымлівае айчыннага вытворцу. Але зараз склалася сітуацыя, калі мы таксама прэтэндуем на месца пад сонцам. Мы знайшлі спосаб, як зарабляць грошы. Спажывец выбірае тавар. Але ў Міністэрстве гандлю кажуць, што прадпрымальнікі складаюць канкурэнцыю дзяржкрамам. Як знайсці залатую сярэдзіну?