Беспілотнік беларускай вытворчасці, імаверна, збілі над Украінай
Збіты над Украінай беспілотнік / "БЛІЦ Безпілотні Системи"
Украінскія ваенныя збілі беспілотнік беларускай вытворчасці, калі ён спрабаваў атакаваць іх пазіцыі на ўсходзе краіны, піша амерыканскае выданне Defense Blog.
Першай фота збітага беспілотніка апублікавала ў сацсетках украінская кампанія "БЛІЦ Безпілотні Системи". Прадстаўнікі кампаніі звярнуліся да падпісчыкаў з просьбай дапамагчы ідэнтыфікаваць беспілотнік.
"Трэба ідэнтыфікаваць. Не КУБ і не Ланцэт — ніхто не ведае, што гэта. Камікадзэ з кумулятыўным зарадам КЗ-6 (3 кг). Электрычны, штурхае шруб. На носе празрысты купал і камера на падвесе", — гаварылася ў подпісы да апублікаваных здымкаў.
Пазней падпісчыкі дапамаглі кампаніі пазнаць у "парэштках" беспілотніка беларускі "Чэкан". Год таму яго прадставілі ў Мінску на выставе Milex.
БАК-25 "Чэкан" — адзін з самых сучасных беспілотных комплексаў на ўзбраенні беларускай арміі, адзначаюць аўтары блога Defence Blog. Калі ўкраінцы збілі менавіта яго, то гэта першае вядомае баявое прымяненне "Чэкана".