Беларускі паэт Сяргей Прылуцкі пайшоў ваяваць за Украіну

Сяргей Прылуцкі

Сяргей Прылуцкі / фота з яго старонкі на Фэйсбуку

Ваяваць за Украіну пайшоў беларускі паэт Сяргей Прылуцкі, які шмат гадоў жыве ў гэтай краіне. На сваёй старонцы ў Фэйсбуку ён паведаміў, што ўжо больш за два тыдні знаходзіцца ў Інтэрнацыянальным легіёне.

Сяргей жыў у Бучы пад Кіевам. Калі расіяне напалі на горад, Прылуцкі з сям'ёй змог пажыць у кватэры сябра — яна была ў тым квартале, куды акупанты так і не зайшлі. Потым ён з сям'ёй здолеў эвакуявацца Дом, дзе жыў пісьменнік, расійскія марадзёры разрабавалі. У траўні 2022-га года Прылуцкі вярнуўся ў Бучу, а цяпер пайшоў ваяваць.

Паэт хацеў пайсці на фронт яшчэ ў 2022-м, але яго адбракавалі, бо былі пытанні са здароўем. "У 2024 годзе прынялі новы закон наконт мабілізацыі, бюракратыі стала менш, і я змог зноў стаць на вайсковы ўлік у Бучы. Неяк усё расцягнулася на год, і выйшла, што я трапіў у войска толькі цяпер. Мяне гэта не шакавала, не стала нейкім сюрпрызам, бо я сам шукаў месца, куды пайсці служыць",кажа Прылуцкі ў інтэрв'ю "Нашай Ніве".

Сваю службу ў Інтэрнацыянальным легіёне беларус тлумачыць наступным чынам: "Скажам так, я прадстаўнік нацыянальнай меншасці. Плюс мне параілі — сказалі, што там добрыя падраздзяленні. Да таго ж там некалькі маіх сяброў служыць. Былі яшчэ варыянты, але ў іх не прайшоў".

Неўзабаве ў Прылуцкага пачнецца навучанне ў вучэбцы, якое, ён мяркуе, зойме 45 дзён.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.