Беларускі баксёр з-за пералому носу зняўся з чэмпіянату свету

Пасля шасці дзён 15-га чэмпіянату свету па боксе, які праходзіць у італьянскім Мілане, выступ працягваюць трое беларускіх баксёраў.  Як паведамляе БЕЛТА, у трэці круг спаборніцтваў выйшаў Рамазан Магамедаў (91 кг), які ўзяў верх над прадстаўніком Славакіі Сандра Дзірнфельдам — 8:6. Наступным сапернікам Магамедава 8 верасня стане Бахрам Музафер з Турцыі.

Іншы беларускі баксёр, віцэ-чэмпіён свету-2005 і чэмпіён Еўропы-2008 Магамед Нурудзінаў (69 кг) з-за траўмы не выйшаў на рынг у паядынку другой стадыі супраць грузіна Кахабера Жванія і завяршыў выступ на турніры. Паведамляецца, што ў першым раўндзе стартавага бою фінскі баксёр Мікалай Кодзін ударам галавы зламаў Нурудзінаву нос. Нягледзячы на траўму, беларускі спартовец давёў паядынак да перамогі. У наступныя тры дні медыкі спрабавалі аднавіць баксёра. Аднак пасля абследавання ў італьянскім шпіталі і кансультацый з лекарамі пераканаліся, што спартоўцу не варта выходзіць на рынг.

7 верасня выступ на чэмпіянаце свету працягне віцэ-чэмпіён афінскай Алімпіяды-2004 Віктар Зуеў (звыш 91 кг). У паядынку другога круга ён будзе сапернічаць з харватам Марка Тамашовічам.

Яшчэ адзін наш суайчыннік, які працягвае барацьбу за ўзнагароды, — гэта Мікалай Весялоў (75 кг), які атрымаў ужо дзве перамогі. 8 верасня ў трэцім крузе сапернікам беларускага баксёра стане кітайскі спартовец Чжан Цзяньцін.