БДЭУ: Верагодна, стыпендыі не паднімуць

У лістападзе Міністэрства эканомікі абвясціла аб тым, што падрыхтаваны праект загада наконт павелічэння стыпендый на 25%. Але Еўрарадыё высветліла, што праект, хутчэй за ўсё, так і застанецца на паперы.
Студэнтка Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэту Таццяна спадзяецца ў хуткім часе атрымаць абяцаную павялічаную стыпендыю.

Таццяна: Павінна павялічыцца, бо гэта і ў газетах пісалі, і па ўніверсітэце гэткія размовы ходзяць.

Але бухгалтар БДЭУ ўвогуле раіць не спадзявацца на павелічэнне. Маўляў, стыпендыя разлічваецца з тарыфнай стаўкі першага разраду, а яна, як вядома, у снежні паменшылася з 91 да 77 тысяч.

Бухгалтэрыя БДЭУ: Міністэрства эканомікі толькі казала пра павышэнне стыпендый, але афіцыйнага загаду не было. Але вы моцна не радуйцеся, таму што вось нам заробак з лістапада падвышалі, але са снежня зноў панізілі. Верагодна, што стыпендыі і не паднімуць, таму што яны залежаць ад стаўкі першага разраду.

Не павялічвае стыпендыі і бухгалтэрыя Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта.

Бухгалтэрыя БНТУ: Гэта пакуль што толькі праект указа, але ён не падпісаны, таму мы нічога не павялічваем.

Як ужо паведамляла Еўрарадыё, з тарыфнай стаўкай ў апошнія два месяцы адбываецца сапраўдная ліхаманка. Спачатку, у лістападзе, яе падвысілі на 17 тысяч. А праз месяц стаўку знізілі, але на 14 тысяч. Ці не трэба нам чакаць зніжэння яшчэ чаго, напрыклад, пенсій, пацікавіліся мы ў Міністэрства працы?

На гарачай лініі міністэрства Еўрарадыё адказалі, што памер пенсій застанецца ранейшым.

Гарачая лінія Мінпрацы: Не, пенсіі не панізяцца. Памер меней не стане.

А намеснік галоўнага ўпраўлення пенсійнага забеспячэння і сацыяльнага страхавання Валянціна Кавалёва сцвярджае, што стаўка першага разраду ніколі не ўплывала на пенсію.

Валянціна Кавалёва: Пенсія ніколі не залежыла ад стаўкі першага разраду і не залежыць.

Нягледзячы на гэта, і студэнты, і пенсіянеры пакуль што ў аднолькавым становішчы: якія грошы атрымоўвалі, тыя і будуць атрымоўваць, але не болей.

Фота — ferra.ru