Байкальскія пашукавікі не возьмуць грошы ў беларускага турыста

Байкальскія пашукавікі не збіраюцца спаганяць грашовую кампенсацыю з беларускага турыста, які днямі прасіў дапамогі ў мясцовых гарах.

Нагадаем, падчас пакарэння горнай сістэмы Хамар-Дабан у раёне возера Байкал у Расіі ў беларускаму турысту стала кепска. Нібыта, здарыўся востры прыступ апендыцыту.

На дапамогу прыбылі восем выратавальнікаў і медык. З-за цяжкай вагі хворага (130 кілаграмаў) давялося адмовіцца ад наземнай эвакуацыі. Верталёт жа суткі не мог забраць беларуса з-за кепскага надвор’я. 30-гадовага мужчыну даставілі ў лякарню Іркуцка.

Вось што распавёў “Еўрарадыё” пра яго стан пасля выратавання начальнік Байкальскага пошукава-выратавальнага атрада Сямён Вінакураў:

“Адчувае ён сябе вельмі добра, бо ў гэты ж дзень быў выпісаны ў бальніцы з дыягназам: “здаровы”! Мы думаем, што чалавек стаміўся, можа мышцы ў яго забалелі і вырашыў, што назад не выйде. Бог яго ведае, што ў яго было ў галаве, нам цяжка пра гэта гаварыць”.

Паводле словаў Вінакурава, выклік выратавальнікаў для беларуса будзе бясплатным:

“Мы, Байкальскі пошукава-выратавальны атрад, не будзем яму нічога выстаўляць. Быў задзейнічаны верталёт санавіяцыі. Можа яны захочуць нейкі рахунак выставіць, але яны, паколькі заяўка ішла ад нас, хіба на нас і могуць паспрабаваць яго “павесіць”.