Baltic Surveys: Перад выбарамі беларусы выказваюцца за новага чалавека
Хаця пакуль і не бачаць яго. Таму ўсё больш людзей не ведаюць, як паводзіць сябе на выбарах. Літоўская сацыялагічная кампанія правяла новыя даследаванні электар
Літоўская кампанія Baltic Surveys зладзіла ў Беларусі вялікае
перадвыбарнае апытанне. Яно прынесла цікавыя і часам неспадзяваныя
вынікі. Напрыклад, 18,8% беларусаў лічаць, што ёсць вялікая розніца
паміж рэчаіснасцю і тым, што пра яе паказваюць і распавядаюць, а 14,6%
прытрымліваюцца думкі, што Беларусь пазычае зашмат грошай за мяжой.
46%
рэспандэнтаў цэняць меркаванне Аляксандра Лукашэнкі больш за думкі
іншых палітыкаў і грамадскіх дзеячаў. Пры гэтым рэйтынг даверу
Аляксандра Мілінкевіча складае 4,5%, Уладзіміра Някляева — 3%, Анатоля
Лябедзькі — 1,6%... Каля 1% беларусаў назвалі лідарам “Гавары праўду!”
Ніла Гілевіча, а 56,7% не здолелі адказаць, хто ж кіруе гэтай кампаніяй,
нават калі ім паказалі спіс з прозвішчамі.
Электаральныя настрой краіны Еўрарадыё абмеркавала з дырэктарам літоўскай сацыялагічнай кампаніі Baltic Surveys Расай Алішаўскене.
Еўрарадыё: Якія галоўныя змены адбываюцца апошнім часам у электаральным настроі беларусаў?
Раса Алішаўскене:
З-за таго, што дагэтуль не вызначаная дата выбараў, людзі больш
няўпэўненыя, чым былі раней. Нельга сказаць, што з’явіліся нейкія новыя
прозвішчы, новыя зоркі на публічнай арэне. Тым не менш, разгубленых
людзей — людзей, якія не ведаюць, як паводзіць сябе на выбарах — робіцца
ўсё больш.
Еўрарадыё: Як змянілася стаўленне людзей да
афіцыйных асобаў? Да чыноўнікаў, якія ў сучаснай Беларусі атаясамліваюць
адміністрацыйны рэсурс?
Раса Алішаўскене: Вынікі
даследавання сведчаць, што электарат не бачыць нікога з чыноўнікаў у
якасці замены Аляксандру Лукашэнку. Праблема ў тым, што, у адрозненне ад
шмат якіх іншых краінаў, у Беларусі няшмат прозвішчаў, якія было б
лёгка пазнаць. Акрамя прэзідэнта і прэм’ера, у прынцыпе, нікога і няма. А
нават калі і прыгадаюць каго, дык лічаць іх простымі выканаўцамі і не
звязваюць іх з палітычнай дзейнасцю, не бачаць у іх асобах лідараў.
Еўрарадыё: У
адказ на пытанне “Меркаванне каго з пералічаных ніжэй беларускіх
палітыкаў, бізнесменаў, грамадскіх дзеячаў для Вас мае найбольшае
значэнне” больш за 10% галасоў набралі толькі трое: А. Лукашэнка, С.
Сідорскі і Філарэт...
Раса Алішаўскене: Сідорскі мае такі
рэйтынг толькі таму, што займае афіцыйную пазіцыю. Людзі арыентуюцца не
на асобу, а менавіта на высокую пасаду. І заўважце: мы не пыталіся, за
каго б людзі прагаласавалі, — бо тады б выбар вельмі залежаў ад людзей,
названых у спісе. Ёсць іншыя паказчыкі: давер, ацэнка працы чалавека і
іншыя. І па ўсіх гэтых паказчыках не бачна ні папулярных, ні хаця б
пазнавальных чыноўнікаў.
Еўрарадыё: А ці пазнавальная сёння апазіцыя?
Раса Алішаўскене:
Сітуацыя вельмі падобная: людзі мала ведаюць прозвішчы апазіцыйных
палітыкаў, і гэта іх вялікая праблема. Самы вядомы пакуль што
Мілінкевіч, але гэта тлумачыцца яго ўдзелам у мінулых выбарах. І гэта не
абавязкова значыць, што ён атрымлівае шмат падтрымкі. Да іншых
палітыкаў няма негатыўнага стаўлення, але не хапае і пазітыўнага: іх
прозвішчы папросту не чулі, а калі і чулі — дык не ведаюць, чым гэтыя
людзі займаюцца.
Еўрарадыё: Калі аналізаваць негатыўны рэйтынг...
Раса Алішаўскене:
...дык высветліцца, што з непрыязнасцю людзі ставяцца да тых жа
дзеячаў, каго іншыя рэспандэнты ацанілі станоўча. І наадварот: калі
чалавека ведаюць мала, дык ён не выклікае ніякіх эмоцыяў. Першасная тут
шырокая пазнавальнасць. І яшчэ цікава, што найбольшую непрыязнасць
паводле вынікаў апытання ў людзей выклікалі Зянон Пазняк і Станіслаў
Шушкевіч.
Еўрарадыё: Як змяняецца напярэдадні выбараў рэйтынг прэзідэнта і найбольш заўважных беларускіх палітыкаў?
Раса Алішаўскене:
Электаральная падтрымка прэзідэнта больш-менш стабільная. Рэзка не
падае. Я ўжо казала, што ў людзей ёсць няўпэўненасць, і можна было б
чакаць, што людзі выкажуцца супраць. Але яна вельмі роўная. Можа, крыху
ніжэй... І гэта дзіўна, бо заўжды, ва ўсіх краінах, пры набліжэнні да
выбараў падтрымка лідара ці расце, ці падае — але амаль ніколі не бывае
плоскай. А тут яна даволі плоская. Праз тое, што людзі не бачаць
альтэрнатываў.
І калі мы задаем перад выбарамі ўскоснае пытанне
"Хацелі б вы, каб краінай кіраваў той лідар, які займаецца гэтым цяпер,
ці абралі б каго-небудзь новага?" ізноў жа, амаль паўсюль людзі
выказваюцца за новага чалавека. Нават пры ўмове, што яны пакуль што не
бачаць гэтага чалавека.
Еўрарадыё: А што да іншых палітыкаў?
Раса Алішаўскене: Блізка да Аляксандра Лукашэнкі ніхто не падбіраецца. Ваганні рэйтынгаў іншых палітыкаў нязначныя, на ўзроўні статыстычнай хібы.
Еўрарадыё: Даволі вялікі блок пытанняў быў прысвечаны кампаніі “Гавары праўду!”.
Раса Алішаўскене: Найперш
нас цікавіла, ці ведаюць людзі пра гэтую кампанію. І тут ёсць пэўныя
зрухі: каля 20% ад агульнай колькасці апытаных пра яе чулі. А раней было
10-12%, то бок тут ёсць рост. Але стаўленне да кампаніі супярэчлівае.
Калі мы пыталіся, як рэспандэнты ставяцца да праблемаў, які ўзнікаюць у
кампаніі “Гавары праўду”, людзі не падтрымалі захадаў, якія прымаюцца
супраць “някляеўцаў”. Выказалі падтрымку кампаніі маладыя людзі,
гарадскія жыхары і, што дзіўна, чыноўнікі і людзі, якія працуюць у
дзяржаўным сектары.
Еўрарадыё: Як на электаральным настроі людзей адлюстраваліся падзеі, што адбыліся ў Беларусі за апошні год?
Раса Алішаўскене:
Беларусь — не такая ўжо ізаляваная краіна. Адным з асноўных фактараў
уплыву на настроі людзей не толькі тут, але і шмат у якіх краінах па
ўсім свеце з’яўляецца эканамічны крызіс. Але ў адрозненне ад краінаў
Балтыі, уплыў крызісу на настрой людзей у Беларусі адбыўся мякчэй. Не
было такога шоку. І беларусы, як больш цярплівы народ, вельмі хутка
прызвычаіліся да наступстваў крызісу.
Еўрарадыё: Дык што ж тады турбуе беларусаў?
Раса Алішаўскене:
Самымі вострымі застаюцца сацыяльныя пытанні: узровень жыцця, працоўныя
месцы, ахова здароўя. Гэта ўсё звязана з крызісам, але толькі ўскосна.
Беларусаў турбуе, што даражэе жыццё. Але ва ўсіх краінах людзям
падаецца, што жыццё даражэе, хаця статыстыка часам паказвае адмоўнае.
Іншая
справа — тое, як праблемы, з якімі сутыкаюцца беларусы, уплываюць на
настрой людзей. У іх нараджаецца апатыя і няўпэўненасць. Яны вагаюцца:
хочуць і пэўнасці, і пераменаў. Але не бачаць сілаў, якія б адпавядалі
гэтым запытам. І з апытання вынікае: калі да даты выбараў людзі не
ўбачаць кандыдата, які будзе атаясамліваць упэўненасць, яны папросту не
пойдуць галасаваць.
Еўрарадыё: Што новага ў настроі беларусаў?
Раса Алішаўскене:
Зусім новае — тое, што людзі пачалі выказвацца за нармальныя адносіны з
Расіяй. Раней з Расіяй было ўсё зразумела, і падавалася, што адносіны
добрыя надоўга. Людзі вельмі разгубленыя з нагоды ўнутранай палітыкі
Беларусі — гэта асноўнае.