Асамблея НДА распаўсюдзіла заяву "Аб сітуацыі вакол памяшкання сядзібы БНФ"

Праўленне Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі распаўсюдзіла заяву "Аб сітуацыі вакол памяшкання сядзібы БНФ", паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна". У ёй асацыяцыя выказвае занепакоенасць у сувязі з узніклай сітуацыяй. Як вядома, камунальныя службы Савецкага раёну Мінску не працягнулі дамову арэнды памяшкання, якое БНФ займала цягам 20 год. Разам з тым, як адзначаецца ў заяве Асамблеі НДА, "значнасць гэтага офісу для грамадскага жыцця Мінска складана пераацаніць. Тут быў цэнтар культурнай і грамадска-палітычнай дзейнасці, праводзіліся выставы, мастацкія імпрэзы, канцэрты, прэзэнтацыі, сустрэчы творцаў".

У такім разе, непадаўженне дамовы арэнды Асамблея НДА расцэнвае не толькі як спробу задушыць асяродак свабоды ў беларускай сталіцы, а таксама як моцны ўдар па грамадзянскай супольнасці Мінску і ўсёй краіны.

"Мы патрабуем ад Мінгарвыканкама падоўжыць арэнду. Тым болей, па праспэкце Машэрава, 8 размешчаныя юрыдычныя адрасы некалькіх грамадскіх і палітычных арганізацыяў і іхных арганізацыйных структур. Гэта Партыя БНФ, Кансерватыўна-Хрысціянская Партыя – БНФ, ГА БНФ "Адраджэнне". І пазбаўленьне памяшкання і юрыдычнай адрэсы можа прывесці да ліквідацыі згаданых арганізацыяў", -- зазначыў кіраўнік Выканаўчага бюро Сяргей Лісічонак


Такім чынам, Праўленне Асамблеі НДА заклікае іншыя арганізацыі і міжнародную супольнасьць да салідарнасці, паколькі Сядзіба БНФ з'яўляецца найстарэйшым асяродкам грамадскай дзейнасці ў Беларусі.

 

"Заява Праўленьня
Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі
“Аб сытуацыі вакол памяшканьня Сядзібы БНФ”


Праўленьне Асамблеі НДА выказвае занепакоенасьць сытуацыяй, якая склалася вакол памяшканьня Сядзібы грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне” і Партыі БНФ у Менску. У дадзеным памяшканьні разьмешчаныя юрыдычныя адрасы такіх вядомых грамадзкіх і палітычных арганізацыяў – Партыі БНФ, Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі-БНФ, ГА БНФ “Адраджэньне”, а таксама іх арганізацыйных структур.
Значнасьць гэтага офісу для грамадзкага жыцьця Менску складана пераацаніць. Цягам амаль 20 год тут быў цэнтар культурнай і грамадзка-палітычнай дзейнасьці, праводзіліся выставы, мастацкія імпрэзы, канцэрты, прэзэнтацыі, сустрэчы творцаў. Грамадзкія аб’яднаньні і партыі, незалежна ад ідэалягічнай скіраванасьці, шырока выкарыстоўвалі памяшканьне сядзібы БНФ для правядзеньня ўстаноўчых зьездаў і іншых сходаў. Часта ў Менску гэта было адзінае месца для правядзеньня грамадзкіх і палітычных мерапрыемстваў. 
Арандатары памяшканьня Сядзібы БНФ цягам амаль 20 год спраўна плацілі арэнду і не дапускалі парушэньня ўмоваў карыстаньня памяшканьнямі. Яны павінныя захаваць прыярытэтнае права на арэнду памяшканьня па адрасе Менск, праспэкт Машэрава, 8.
Паведамленьне пра неабходнасьць вызваліць памяшканьне  было скіраванае Партыі БНФ акурат у той час, калі ў гэтым памяшканьні ладзілася беспрэцэдэнтна шырокая акцыя салідарнасьці зь беларускімі палітзьняволенымі, якія былі кінутыя за краты пасьля падзеяў 19-20 сьнежня 2010 года. Гэта ўказвае на тое, што высяленьне Сядзібы БНФ, ініцыяванае ўладамі, ёсьць ціскам  за грамадзкую салідарнасьць і дапамогу зьняволеным, цэнтрам якой была Управа БНФ.
Пры такіх абставінах рашэньне ўладаў горада Менску аб непадаўжэньні арэнды гэтага памяшканьня для грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне” і Партыі БНФ зьяўляецца ня чым іншым як спробай задушыць асяродак свабоды ў беларускай сталіцы. Высяленьне Сядзібы БНФ з адрэсы па праспэкце Машэрава, 8 пагражае стаць моцным ударам па грамадзянскай супольнасьці горада і краіны.
Праўленьне Асамблеі НДА зьвяртае ўвагу на тое, што праблема ціску на арганізацыі грамадзянскай супольнасьці з выкарыстаньнем дзяржаўнага ўмяшальніцтва ў справы арэнды памяшканьняў (як праблема наяўнасьці юрыдычнай адрэсы, ціску на арэндадаўцаў, палітычна абгрунтаваныя адмовы ў прадастаўленьні памяшканьняў і інш.) носіць у Беларусі сыстэмны характар. Таму Праўленьне Асамблеі НДА:
-    Рашуча пратэстуе супраць пазбаўленьня Сядзібы БНФ памяшканьня па адрэсе: Менск, праспэкт Машэрава, 8.
-    Патрабуе ад Менгарвыканкама  зьмяніць сваё рашэньне і ініцыяваць падаўжэньне дамовы арэнды памяшканьня па адрасе Менск, праспэкт Машэрава, 8 з усімі арганізацыямі-арандатарамі, якія там месьцяцца.
-    Заклікае арганізацыі грамадзянскай супольнасьці Беларусі да салідарнасьці з адным са старэйшых асяродкаў грамадзкай дзейнасьці ў сталіцы.
-    Зьвяртае ўвагу міжнароднай супольнасьці на тое, што пагроза пазбаўленьня Сядзібы БНФ памяшканьня паўстала ў рэчышчы ўзмацненьня рэпрэсіяў і палітычнага перасьледу ў Беларусі.
-    Заклікае міжнародныя і замежныя арганізацыі да аказаньня партнэрскай дапамогі Сядзібе БНФ ў мэтах мінімізацыі наступстваў магчымага высяленьня.
Асамблея НДА выказвае падтрымку грамадзкаму аб’яднаньню БНФ “Адраджэньне” і Партыі БНФ у іх змаганьні за памяшканьне Сядзібы БНФ".