Апазіцыя здолела развесці сваіх кандыдатаў па розных акругах

Рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў завершыцца 15 сакавіка. Ці не здарыцца так, што прадстаўнікі апазіцыі стануць канкурэнтамі на адных і тых жа ўчастках?

Як распавёў Еўрарадыё сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі, яны загадзя рэкамендавалі сваім кандыдатам дамаўляцца з калегамі — каб пазбегнуць канкурэнцыі.

Віталь Рымашэўскі:
“Перад пачаткам перадвыбарнай кампаніі мы раілі сваім кандыдатам сачыць за тым, хто ідзе па іх акрузе з іншых палітычных партый. Я думаю, што там, дзе была магчымасць сур’ёзнай канкурэнцыі, усе пытанні вырашаны загадзя”.

Пакуль пра такія “перасячэнні” не вядома. Калі ж такое здарыцца, то ўсё будзе вырашацца ў залежнасці ад канкурэнта: што гэта за чалавек, наколькі ён моцны і ці актыўна вядзе перадвыбарную кампанію.

Кіраўніцтва “Еўрапейскай кааліцыі” пайшло далей і дамовілася і з Аб’яднанымі дэмакратычнымі сіламі, і з Беларускім незалежніцкім блокам пра тое, каб іх кандыдаты не перашкаджалі адзін аднаму. Пра гэта расказаў каардынатар кааліцыі Мікола Статкевіч.

Мікола Статкевіч: “Дамаўлялася з абедзвюма кааліцыямі — БНБ і АДС. Мы перадалі вынікі гэтай дамовы нашым рэгіянальным структурам, і яны далей глядзелі. Бо яны там па рэгіёнах ведаюць усе адзін аднаго”.

І таму, кажа, ніхто нікому дарогу не перайшоў.

А вось старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі, сустаршыня Аб’яднаных дэмакратычных сіл Анатоль Лябедзька сцвярджае, што прапанова АДС пра тое, каб “развесці” дэмакратычных кандыдатаў па розных акругах, “павісла ў паветры”. А таму канкурэнцыя непазбежная. Разам з тым ён не выключае, што дэмсілы могуць зусім праігнараваць выбары на тых участках, дзе ў камісіях не будзе дэмакратычных прадстаўнікоў.

Анатоль Лябедька: “Наша пазіцыя будзе залежыць ад таго, як будуць сфармаваныя ўчастковыя выбарчыя камісіі. Калі там не будзе прадстаўнікоў дэмакратычных сіл, то і па акругах, дзе зарэгістраваныя прадстаўнікі розных дэмакратычных арганізацый, і там, дзе яны супрацьстаяць толькі прадстаўнікам улады, мы, можа, будзем рэкамендаваць, каб яны ўвогуле зняліся з гэтай выбарчай кампаніі”.

Намеснік старшыні партыі левых “Справядлівы свет” Валерый Ухналёў праблем у канкурэнцыі не бачыць. Бо дэмакраты, маўляў, ідуць на выбары не за мандатамі, а за піярам.

Валерый Ухналёў: “Мы ведаем, што лічыць галасы не будуць: напішуць што напішуць. А раз няма выбараў, то няма і барацьбы за мандат. Таму на першае месца выходзіць не барацьба за мандат, а барацьба за выбаршчыка, праца з ім”.

Але самы арыгінальны спосаб пазбегнуць канкурэнцыі абраў каардынатар Руху “За свабоду!” Алесь Зарэмбюк. У Мастоўскім раёне ён зарэгістраваў свае ініцыятыўныя групы ў 15 выбарчых акругах з 25.

Алесь Зарэмбюк: “Я зарэгіструюся канчаткова на той акрузе, дзе будзе прадстаўнік існуючай сістэмы, і буду я, таму што ўсе бойкі паміж дэмакратамі бессэнсоўныя”.

Вось толькі чаму яму было проста не дамовіцца са сваімі “канкурэнтамі” і разбегчыся па розных акругах ды не распыляць свае сілы, не разумеюць нават калегі Алеся па Руху.

Таксама па тэме:

На мясцовых выбарах кандыдаты ад апазіцыі будуць змагацца паміж сабой?

Тэрытарыяльныя і акруговыя камісіі апазіцыя праігнаравала?