Алігарх Ахметаў заклікаў рабочых Данбаса на страйк супраць сепаратызму
Уладальнік кампаніі СКМ, украінскі бізнэсмэн Рынат Ахметаў заклікаў рабочых сваіх прадпрыемстваў выйсці на папераджальны страйк.
Ён падкрэсліў, што дзеянні ўзброеных сепаратыстаў з'яўляюцца "барацьбой супраць Данбаса". Пра гэта гаворыцца ў яго экстранай заяве, агучанай у эфіры тэлеканала "Украіна".
Ён нагадаў, што 19 траўня каля 50 тысяч марыупальцаў збіраліся правесці марш міру. "Людзі стаміліся жыць у страху. Стаміліся жыць у тэроры. Стаміліся выходзіць на вуліцы і трапляць пад кулі. Па Данбасе ходзяць з аўтаматамі, гранатамётамі, у гарадах бандытызм і марадзёрства. Гэта хіба мірнае жыццё? Гэта хіба моцная эканоміка? Гэта хіба годная праца і годны заробак? Не! і менавіта таму людзі хацелі выйсці на марш міру", — перадае УНІАН словы Ахметава.
Ён выступіў супраць так званай "Данецкай народнай рэспублікі" і назваў яе генацыдам Данбаса. Таксама Ахметаў заклікаў рабочых Данбаса да папераджальных страйкаў па ўсім рэгіёне.
Фота — novanews.com.ua