Актывісты апазіцыі ўцякаюць ад рэпрэсіяў за мяжу

Падзеі 19 снежня і асабліва паслявыбарчыя рэпрэсіі выклікалі чарговую хвалю эміграцыі. Актывісты штабоў кандыдатаў, а таксама вядомыя людзі вымушаныя былі пакінуць межы Беларусі. Пакуль няясна, ці гэта часовая з’ява, ці на больш працяглы тэрмін, піша “Наша ніва”.  Так, з краіны выехалі адразу некалькі актывістаў “Гавары праўду” — Віктар Гарбачоў і Алег Мяцеліца. Яны знаходзяцца ў Брусэлі. Пэўны час у бельгійскай сталіцы знаходзіўся і кіраўнік штаба “Гавары праўду” па Мінску Юры Алейнік, адзін з рухавікоў кампаніі Някляева. Але цяпер хлопец — у Вільні. У Літву таксама выехалі лідар руху “Вольная моладзь” Мікіта Красноў і кіраўнік “Руху будучыні” Вячаслаў Дзіянаў.

Былы палітвязень і лідар моладзі Андрэй Кім вымушаны на нейкі час “залегчы” ў Расіі. Кім адбыў 10-суткавае пакаранне за ўдзел у Плошчы. Аднак пасля вызвалення ён не пайшоў дадому. Зрабіў абачліва, бо там яго ўжо чакалі з ператрусам.

У Кіеў выехаў лідар “Правага альянсу” Юрый Карэтнікаў. Менавіта хлопцы з гэтай арганізацыі былі ў ахове Уладзіміра Някляева. У Варшаве цяпер давераныя асобы Андрэя Саннікава — Зміцер Бародка і Андрэй Бабіцкі. Былы ахоўнік Андрэя Саннікава Леанід Навіцкі таксама за мяжой.

Адцягваюць сваё вяртанне на радзіму і кіраўнікі «Свабоднага тэатра» Мікалай Халезін і Наталля Каляда. У іх запланаваныя працяглыя гастролі ў ЗША, Азіі і праца ў Брытаніі.