Зяленскі — Лукашэнку: "Украіна адкажа на пагрозы з боку ваенных вучэнняў"

Сустрэча Уладзіміра Зяленскага і Аляксандра Лукашэнкі ў Жытоміры, восень 2019 года / Офіс Президента України
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што Беларусь і Расія, паводле звестак украінскай разведкі, плануюць праводзіць сумесныя вучэнні далей ад мяжы з Украінай, асцерагаючыся магчымай эскалацыі. Пра гэта ён распавёў падчас размовы з прадстаўнікамі СМІ 13 чэрвеня, паведамляе УНІАН.
Зяленскі падкрэсліў, што ў Кіеве ўважліва сочаць за дзеяннямі саюзнікаў — Мінска і Масквы. Паводле яго слоў, відаць, Аляксандр Лукашэнка баіцца, што Украіна можа ўспрыняць вучэнні як падрыхтоўку да сапраўднага ўварвання, як гэта ўжо было ў 2022 годзе.
"Пасля нашых дзеянняў на Курскім напрамку стала зразумела, што Украіна не будзе пасіўна назіраць за пагрозамі. Думаю, цяпер Лукашэнка лепш разумее нашу пазіцыю", — адзначыў прэзідэнт.
Паводле апошніх дадзеных Службы знешняй разведкі, удзельнікі вучэнняў могуць перамясціцца ўглыб тэрыторыі Беларусі — далей ад мяжы з Украінай — каб пазбегнуць напружанасці і не даць падстаў успрымаць дзеянні як агрэсіўныя.
"Гэта пакуль папярэдняя інфармацыя, але мы працягваем маніторынг. Гісторыя паказвае, што вучэнні расійскіх войскаў нярэдка пераўтвараюцца ў рэальнае наступленне", — дадаў ён.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.