Жанна Літвіна і Андрэй Бастунец паручыліся за Ірыну Халіп

Хадайніцтва накіравана 19 снежня ў ГУУС Мінгарвыканкама, а таксама ў пракуратуру Мінска. "Хадайнічаем аб змяненні меры стрымання, прымененай да Халіп Ірыны Уладзіміраўны,…і вызваленні яе з-пад варты пад наша асабістае паручальніцтва", — гаворыцца ў лісце старышні ГА «БАЖ» Жанны Літвіной і яе намесніка Андрэя Бастунца.

"Даем абавязальніцтва, што Халіп І.У., знаходзячыся на волі, не схаваецца ад органа крымінальнага пераследу і суда, не будзе ствараць перашкодаў расследаванню справы альбо разгляду яго судом і не будзе займацца злачыннай дзейнасцю. Аб адказнасці паручальнікі ведаюць".

За Ірыну Халіп калегі вырашылі хадайнічаць першай, бо ў яе маленькае дзіця, а бацькі трохгадовага Данілы ўтрымліваюцца ў СІЗА КДБ, паведамляе прэс-служба "БАЖ".