Жадаючыя забіць зубра за дзень паднялі кошт на аўкцыёне да 55 тысяч еўра
“ЦэнтрКурорт” выставіў рэдкага звера на продаж. Чакаецца, што заробленыя грошы пойдуць на развіццё Белавежскай пушчы.
Зубра з Белавежскай пушчы выставіла на інтэрнэт-аўкцыён ДУ “ЦэнтрКурорт” Кіраўніцтва справамі прэзідэнта. Пачатковы кошт жывёліны – 40 тысяч еўра. Пераможца зможа забіць зубра і нават вывезці яго за мяжу. За адну толькі сераду стаўкі выраслі, і за рэдкую жывёліну паляўнічыя гатовыя аддаць ужо 55 тысяч еўра. Як распавёў намеснік начальніка аддзела па турызме “ЦэнтрКурорт” Сяргей Сасункевіч, зубр для аўкцыёна абіраўся з хворых, старых, ці не здольных да падаўжэння роду звяроў. А адстрэльваць такіх жывёл дазваляе ўказ прэзідэнта і пастанова Саўміна.
Сасункевіч: “Паляванне на зуброў праводзілася і раней. Паляванне праводзіцца толькі на звяроў рэзервовага генафонду. Гэта могуць быць старыя, ці хворыя звяры, якія не ўдзельнічаюць у развіцці віду. Паляванне на зуброў рэгламентуецца двума актамі: указам прэзідэнта і пастановай Савета міністраў”.
Удзельнікі такіх паляванняў звычайна расіяне ці еўрапейцы. Але на зуброў палююць зрэдку, кажа Сасункевіч.
“Паляванне на зубра рэдкая з’ява. Можа быць раз на год. Гэта ў лепшым выпадку. Сёлетні зубр быў залічаны ў рэзервовы генафонд у 2010 годзе”.
Па словах супрацоўніка “ЦэнтрКурорт”, сродкі ад такіх паляванняў ідуць на развіццё “Белавежскай пушчы”.
Незалежны эколаг Валеры Дранчук называе такое паляванне дзікунствам.
“Нацыянальны парк – гэта тэрыторыя запаветная і багавейлівая, а такія рэчы выглядаюць дзікунствам. Ніякім чынам гэта патлумачыць, апраўдаць, ці надаць статус нармальнасці немагчыма”.
Эколаг наракае на тое, што наша заканадаўства дае мажлівасць паляваць на зубра, але не дазваляе прыватнай асобе стварыць умовы для развядзення гэтых жывёл.
“Калі б была магчымасць прадаваць з генафонду асобіны, каб багатыя людзі у Беларусі маглі б набыць зубра. Утрымліваць яго ў належных умовах, падтрымліваць прыроду. Чалавек у прыватным парадку мог бы ствараць дадатковыя да дзяржаўных ахоўныя тэрыторыі. У нас жа гэта недазволена”.
Паўтара года таму быў выпрацаваны план па перспектыўным развіцці “Белавежскай пушчы”, кажа эколаг. Гэты план быў распрацаваны беларускай Акадэміяй навук па ініцыятыве Савету Еўропы. Але на думку Дранчука, цяпер гэты план не бярэцца ва ўлік. Менавіта таму даводзіцца сутыкацца з выпадкамі такога палявання.
Па апошніх дадзеных у “Белавежскай пушчы” жыве каля 230 зуброў. У рэзервовы фонд ў 2010 годзе патрапілі тры з іх.
Фота: http: smie.35photo.ru