Загаду пра прызначэнне новага кіраўніка Купалаўскага дагэтуль няма

Як даведалася Еўрарадыё, Кірычэнка сапраўды напісаў заяву на звальненне, але яна не падпісаная і новы кіраўнік тэатра не прызначаны “Я з вамі размаўляю з кабінета дырэктара тэатра”, — такімі словамі Мікалай Кірычэнка пракаментаваў Еўрарадыё інфармацыю пра сваю адстаўку з пасады генеральнага дырэктара Купалаўскага тэатра. У прыёмнай Міністэрства культуры таксама кажуць, што пра змену кіраўніцтва ў Купалаўскім тэатры афіцыйна нічога не вядома: “Пакуль няма такога загаду”.

Кіраўнік купалаўцаў не хавае, што падаў заяву на звальненне. Аднак, па яго словах, яна пакуль не падпісаная. Пра імя свайго магчымага наступніка Мікалай Кірычэнка не задумваўся і нават гаварыць на гэтую тэму не хоча.

Нагадаем, што паводле інфармацыі інтэрнэт-выдання “Мы” купалаўскую трупу павінна ўзначаліць экс-дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Наталля Аўдзеева. Паводле адукацыі яна рэжысёр святаў, мае і досвед кіравання тэатрам: узначальвала Магілёўскі абласны тэатр лялек.

Мікалай Кірычэнка распавёў, што сустракаўся з Наталляй Аўдзеевай адзін раз – падчас тэатральнага фестывалю “Панарама”.

Кірычэнка: Мабыць, аднойчы яна была ў мяне тут у кабінеце. Я з ёй размаўляў – сімпатычная жанчына. А пра тое, як яна ў працы, я нічога не магу сказаць: мы не перасякаліся па дзелавых пытаннях. Проста яна была тут на спектаклі…

Акторы Купалаўскага тэатра пра магчымую замену таксама даведаліся з інтэрнэту. Ганна Хітрык, адна з самых актыўных удзельніцаў “акторскага бунту”, не рызыкуе варажыць на будучыню:

Хітрык: А як так скажаш… Задаволены чалавек толькі тады, калі нешта адбываецца. Не тады, калі мяняюць дырэктара, а – калі дырэктар мяняе ўся навокал, правільна? Можна памяняць – і будзе горш, а можна памяняць – і зусім нічога не будзе ніяк… А можна памяняць – і нешта зменіцца. Мы, вядома, спадзяемся, што нешта будзе мяняцца ў тэатры на лепшае, спадзяемся, што прыйдуць нашыя ўлюбёныя рэжысёры, што праца пойдзе. Ведаеце, ад некаторых актораў чуеш: хаця б год нармальна папрацаваць!

Праўда, на хуткія змены ў тэатры Ганна Хітрык не асабліва спадзяецца – кажа, што чакаць іх можна толькі месяцы праз два пасля прызначэння новага дырэктара.

Хітрык: Пройдзе, напэўна, месяцы два, а хутчэй за ўсё гэта будзе нешта пасля Новага года. Вы ж ведаеце,  у нас – усё доўга. Доўга і ўрачыста. Прыходзіць чалавек – і спярша ўсе толькі гавораць пра гэтага чалавека. Потым праходзіць час – чалавека прадстаўляюць, чалавек разбіраецца, ходзіць на спектаклі. І потым нешта адбываецца – альбо штосьці добрае, альбо штосьці кепскае. Спадзявацца на кепскае – глупства, правільна? Вядома ж, мы хочам, каб адбылося нешта добрае нарэшце…

Па звестках Еўрарадыё, у Мінкульце загад могуць падпісаць цягам бліжэйшых дзён.


Фота — photo.bymedia.net