Ярмошына: верагодна, выбары ў Палату прадстаўнікоў адбудуцца 12 кастрычніка

У наступным годзе мінае тэрмін паўнамоцтваў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага збору трэцяга склікання. Паведле слоў старшыні беларускага Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай, апошняя магчымая дата правядзення выбараў – 15 кастрычніка 2008 года. “Але паколькі гэты дзень з'яўляецца працоўным, апошняя нядзеля, калі павінны будуць прайсці выбары дэпутатаў – 12 кастрычніка. Гэтую дату мы і будзем прапаноўваць кіраўніку дзяржавы” - сказала Ярмошына ў інтэрв'ю інфармацыйнаму агенцтву "Интерфакс".

Па меркаванні Лідзіі Іванаўны, верагоднасць таго, што Аляксандр Лукашэнка зацвердзіць гэтую дату для выбараў у беларускі парламент, высокая:

“Лепш, вядома, лістапад, але пазней за 15 кастрычніка нельга. Раней жа проста немэтазгодна, паколькі яшчэ працягваецца перыяд адпачынкаў і сельскагаспадарчых работ”.

Калі датай выбараў будзе прызначанае 12 кастрычніка, выбарчая кампанія павінна будзе стартаваць не пазней за 12 ліпеня 2008 года.