Янукевіч: Нават "свой" чалавек у камісіі не перашкодзіць фальсіфікацыям
Карэспандэнт Еўрарадыё прагаласаваў разам са старшынём Партыі БНФ Аляксеям Янукевічам
На выбарычам участку №48 Галадзедаўскай акругі №6 у Мінску сёння прагаласаваў кандыдат у дэпутаты Мінскага гарадскога савета старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Ажыятажу каля скрыняў для галасавання не назіралася, але старшыня выбарчай камісіі Яўген Захараў упэўніў карэспандэнта Еўрарадыё, што пустэча ў зале для галасавання а 10-й гадзіне раніцы — не паказчык. Маўляў, цікаўнасць да выбараў у людзей вялікая, але пакуль яны проста яшчэ не прачнуліся.
Яўген Захараў: “Актыўнасць выбарцаў відавочная, людзі актыўна ідуць на ўчастак, але хацелася б яшчэ дадаць гэтай актыўнасці. З раніцы людзі яшчэ занятыя хатнімі справамі, але гадзінаў пасля 12-ці, я думаю, выбарцы пайдуць на ўчасткі і пакажуць сваю актыўнасць”.
У Аляксея два суперніка — дырэктар аўтобуснага парка і актывістка ЛДПБ. Але, кажа палітык, ніводзін з іх асабліва не напружваўся падчас перадвыбарчай агітацыйнай кампаніі.
Аляксей Янукевіч: “Канкурэнты рабілі досыць пасіўныя кампаніі. Праўладны кандыдат — дырэктар 6-га аўтобуснага парка, які тут недалёка знаходзіцца, — сам ніводнага разу не з’явіўся на акрузе. Прынамсі, ні я, ні людзі з маёй каманды, ні тыя выбаршчыкі, з якімі мы размаўлялі, не казалі, што яго бачылі. Трэцяя кандыдатка, 20-цігадовая дзяўчына ад ліберальна-дэмакратычнай партыі, адзначылася толькі тым, што расклеіла свае плакаты на інфармацыйных стэндах. Кампанія іншых кандыдатаў была абсалютна незаўважна”.
Ніякіх перашкод, кажа Янукевіч, падчас кампаніі не было. Да таго ж, гэта не першая выбарчая кампанія ў гэтай акрузе, у якой Аляксей бярэ ўдзел. Сам ён жыве непадалёк, у гэтым жа раёне, і ведае ў твар ледзь не усіх сваіх выбарцаў. За яго галасуюць ужо толькі таму, што добра ведаюць з маленства. Але, кажа, людзям надакучыла, што за яго галасуюць, а выніку няма.
Аляксей Янукевіч: “Я такім людзям кажу: “Вы вызначыліся — выдатна! Проста размаўляйце са сваімі людзьмі і нават, калі не пойдзеце на выбарчы ўчастак, але з’агітуеце сваіх суседзяў за мяне, за Партыю БНФ, то гэта ўжо будзе вялікае дасягненне”.
Данесці да людзей альтэрнатыўную інфармацыю — галоўная мэта гэтай кампаніі і яго удзелу ў ёй, кажа старшыня БНФ. Ён, як і іншыя яго калегі па апазіцыі, не верыць у перамогу.
Аляксей Янукевіч: “Шчыра скажу, што я так з людзьмі і размаўляў: “Хутчэй за ўсё, гэтым разам не будзе шансаў, але паколькі ёсць такое рашэнне, то мы ідзем”.
Янукевіч упэўнены, што вынікі галасавання на яго акрузе будуць сфальсіфікаваныя. Ня гледзячы на тое, што ў выбарчай камісіі ёсць “свой” чалавек.
Аляксей Янукевіч: “У нас ёсць адзін чалавек нават у камісіі ўчастковай выбарчай на маёй акрузе. Ён, наколькі гэта магчыма, будзе спрабаваць кантраляваць падлік галасоў. Будзем іншымі сродкамі спрабаваць. Але, як ідзе ўсё гэта зараз, я маю на ўвазе вынікі датэрміновага галасавання. Таму, спадзяванняў, што атрымаецца неяк пракантраляваць, няма”.
А тое, што датэрмінова галасавалі людзі больш, чым у дзень выбараў, прызнае нават старшыня ўчастковай камісіі Яўген Захараў.
Яўген Захараў: “У гэтыя дні датэрміновага галасавання людзі ішлі больш актыўна, чым сёння з раніцы”.
Датэрмінова тут прагаласавала каля 20% выбарцаў. Каментаваць, наколькі добраахвотна яны ішлі, старшыня камісіі адмовіўся. Затое, выказаў спадзяванне, што ўдзел у галасаванні возьме не менш за 50% выбарцаў Галадзедаўскай акругі. Праўда, колькі б іх не прыйшло, выбары ўсё адно адбудуцца.
Фота: Змітра Лукашука