Якія мянушкі ў кандыдатаў у прэзідэнты?

Еўрарадыё пацікавілася, як называлі кандыдатаў у прэзідэнты ў дзяцінстве і ці ёсць у іх мянушкі сёння.

Уладзіміра Някляева яшчэ ў школе празвалі Князем, гэтая ж мянушка перайшла і ў інстытут. 
"У школе я адказваў нейкі ўрок па рускай літаратуры пра князя Няклюдава, яго каханне, і вось нешта зачапілася, і так я стаў Князем", — патлумачыў Еўрарадыё Уладзімір Някляеў.
Цяпер, паводле словаў кандыдата, у камандзе яго называюць проста Пракопыч. 
А вось ініцыятыўная група Яраслава Раманчука жартам называе свайго кіраўніка Правадыр. Але і ў дзяцінстве мянушка была, як у сапраўднага лідара.
"Калісьці ў нас быў папулярны мульцік "Сіндбад", і мяне клікалі Сіндбадам, — прыгадвае Яраслаў Раманчук. — Таму што чалавек быў дапытлівы, хацеў ведаць больш за ўсіх. Таму вось такая мянушка: бо з аднаго боку — дапытлівы і разумны, з другога боку — энергічны і не сядзіць на месцы".
Рыгору Кастусёву ў маленстве мянушка дасталася ад бацькі, якога ў вёсцы празвалі Храбрым. А цяпер да яго збольшага звяртаюцца або "спадар Рыгор", або "дзядзька Рыгор".
Як у дзяцінстве празвалі маленькага Мікалая Статкевіча, кандыдат у прэзідэнты казаць не захацеў. Цяпер, згодна з яго словамі, наўпрост да яго па мянушцы не звяртаюцца — але за спіной… 
"Адзін кандыдат у прэзідэнты сказаў мне, што мяне за спіной называюць Таран", — усміхаецца Мікалай Статкевіч.
Віктар Цярэшчанка кажа, што ў штабе яго ўсе называюць толькі Віктарам Іванавічам. У дзяцінстве, хоць і вельмі хацелася, таксама не было ніякай мянушкі. Магчыма, таму што быў інтэлігентным хлопцам, чэмпіёнам па шахматах, і ніколі не піў, мяркуе кандыдат.
"У дзяцінстве хацеў, каб мне далі мянушку, але мянушку не далі. Ва ўсіх хлопцаў заўсёды была мянушка. Я называў сябе Карасём ці яшчэ неяк, а мянушкі не было. Называлі проста Віця".
Хрысціянскі дэмакрат Віталь Рымашэўскі прызнаўся, што заўсёды выступаў катэгарычна супраць мянушак, таму ніколі не дазваляў, каб яго называлі неяк "не так".