Вольскі лічыць “Альбомам года” “STASI”, а Варашкевіч – “06” N.R.M.

Еўрарадыё вырашыла даведацца ў лідэраў рок-гуртоў, чые альбомы прадстаўлены на “Рок-каранацыі” ў намінацыях “Альбом года” і “Песня года”, як яны ацэньваюць шанцы на перамогу сваіх твораў. І што думаюць пра зробленае “канкурэнтамі”. Магчымасць таго, што альбом “06” стане “Альбомам года”, лідэр гурта N.R.M. Лявон Вольскі лічыць вельмі нізкай. Кажа, і крытыкі, і публіка аддаюць перавагу тым творам, што з’явіліся не так даўно. Як, да прыкладу, “STASI” “Нейра Дзюбеля”.

Лявон Вольскі: “Наш альбом мае нізкія вельмі шанцы, таму што ён даўно выйшаў. А звычайна запамінальныя для крытыкаў і тых, хто арганізоўвае “каранацыю”, альбомы, якія выйшлі нядаўна. І тут, мне падаецца, найбольшыя шанцы ў Кулінковіча”.

Затое ў намінацыі “Песня года” шанцы на перамогу ў песні “Мінск і Менск”, на яго думку, вельмі вялікія.

Лявон Вольскі: “Яна на слыху, як ні дзіўна. Нягледзячы на адсутнасць ратацыі па радыё. Нават на вашым сайце я прачытаў, што Ярмоленка выказваўся пра яе. Адкуль ён яе ведае, я не магу зразумець”.

Песню гурту beZ bileta ён лічыць нефарматнай для “каранацыі”, а “Ледаколы” J:МОРС – старой. Лідэр N.R.M. высока ацаніў альбом “Крамы” “Усё жыцьцё – дзіўны сон”, але песню “Стэфка. Праз 20 год” вартай называцца “Песняй года” не лічыць.

Аляксандр Кулінковіч без лішняй сарамлівасці “Альбомам года” лічыць “STASI” “Нейра Дзюбеля”.

Аляксандр Кулінковіч: “Паколькі гэта мой альбом, я лічу яго лепшым. Вельмі хачу атрымаць карону і лічу, што гэта “Альбом года”. На мой бессаромны погляд, нічога лепшага ў гэтым годзе не было. Але шанцы я ацэньваю вельмі нізка”.

Таму кажа, што з усіх “крутых баброў” беларускага рок-н-ролу, лепшыя шанцы ў “Капітала” “Ляпіса Трубяцкога”. Песні іншых гуртоў з намінацыі “Песня года” лідэр “дзюбялёў” чуў краем вуха. І прапаноўвае журы галасаваць за яго песню “Край”.

Лідэр “Крамы” Ігар Варашкевіч “Альбом года” назваў “06” гурта N.R.M. Хаця не выключае, што перамогу сябры журы могуць аддаць J:МОРС ці “Нейра Дзюбелю”.

Ігар Варашкевіч: “Я думаю, што N.R.M. ці J:МОРС атрымаюць. Хаця, можа, і “Нейра Дзюбель”. Але толькі не “Крама”.

Найвялікшыя шанцы стаць “Песняй года”, на яго думку, у песні “Мінск і Менск”. “Крамаўская” “Стэфка”, кажа, мала раскручаная, каб стаць пераможцам у намінацыі.

Шанцы “Лірыкі” стаць “Альбомам года” Зміцер Вайцюшкевіч таксама ацэньвае нізка. Кажа, зоркі не на яго баку. А вось “Капіталу” “Ляпісаў”, на яго думку, зоркі спрыяюць.

Зміцер Вайцюшкевіч: “Я лічу, што трэба “Капіталу” даваць “Альбом года”. Гэта рэальна”.

“Песню года” ён вызначаць не стаў.

Лідэр J:МОРС Уладзімір Пугач расказаў Еўрарадыё, што не разумее, па якіх крытэрах вызначаюць на “каранацыі” лепшых. Таму і разважаць пра шанцы на перамогу іх альбома альбо песні не захацеў.

Уладзімір Пугач: “Як я магу сказаць, якія шанцы, калі я не разумею крытэраў, па якіх гэта вызначаецца”.

Аднак кажа, што сочыць за музычнымі навінкамі і таму не мог прапусціць такія важныя падзеі, як выхад альбомаў “Крамы” і N.R.M. Высока ацаніў і “Усё жыцьцё – дзіўны сон”, і “06”. А ў намінацыі “Песня года” ўзнагароду аддаў бы песні “Мінск і Менск”. Хоць і не ўпэўнены, што саўнд і тое, як песня запісаная, яму падабаецца.

Даведка Еўрарадыё.

“Рок-каранацыя 2007” вызначыць


Праект года
«Праектам» лічыцца музычны матэрыял, выдадзены на гукавым носьбіце, пад пэўнай канцэпцыяй, запісаны, як правіла, удзельнікамі розных музычных калектываў, могуць уключацца супольныя музычныя праекты, складанкі розных выканаўцаў, складанкі лепшых песень калектыву, выдадзеныя канцэртныя запісы, сайд-праекты, трыб'юты ды іншае.
Крытэры адбору:
а) якасць запісанага матэрыялу,
б) канцэптуальнасць, актуальнасць і навізна праекту,
в) рэакцыя рынку – продажы + водгукі ў СМІ.

Прэтэндэнты:
Песьні Свабоды — 3. Складанка.
Сузор'е – Песня пра зубра
Вайцюшкевіч Зміцер – Калыханкі
Хатынь: Tacet, Sed Loquitur
J:МОРС — Ледоколы. Live
Народны альбом. Live
Дударскі фэст
Басовішча- XVII


Альбом года
Разглядаюцца ўсе альбомы альтэрнатыўных выканаўцаў ва ўсіх жанрах, якія датуюцца 2007 годам. Пры складанні спісаў намінантаў улічваліся наступныя крытэры выбару:
1. Наяўнасць запісанага і выдадзенага (на лэйбле ці самастойна) аўдыёматэрыялу, яго якасць і адпаведнасць сусветным музычным тэндэнцыям
2. Актыўная канцэртная дзейнасць цягам году (сольныя канцэрты, удзел у фестывалях і г.д.)
3. Актыўная прысутнасць у інфармацыйнай прасторы (наяўнасць рэцэнзіяў у СМІ, удзел у інтэрнэт, тэле- і радыё-хіт-парадах і г.д.)

Прэтэндэнты:
J:МОРС — Адлегласць
N.R.M. — 06
Крама — Усё жыцьцё - дзiўны сон
Крамбамбуля — Сьвяточная
Зьмiцер Вайцюшкевiч & WZ–Orkiestra — Лірыка
Ляпіс Трубяцкой — Капитал
Neuro Dubel — Stasi


Песня года
Разглядаюцца ўсе песні беларускіх выканаўцаў, незалежна ад мовы выканання, якія падпадаюць пад фармат цырымоніі і якія стала прысутнічалі ў інфармацыйнай прасторы.
Крытэры адбору:
а) запамінальнасць,
б) згадкі ў СМІ, тэле- і радыё-ратацыі, перамогі ў інтэрнэт і радыё-хіт-парадах

Прэтэндэнты:
N.R.M. – Менск і Мінск
J:МОРС – Ледоколы
beZ bileta – Никогда не умирай
Ляпис Трубецкой — Капитал
Крама – Стэфка. Праз 20 год
Neuro Dubel - Край


Традыцыі і сучаснасць
Разглядаюцца ўсе альбомы выканаўцаў, што працуюць у рэчышчы world-music і старадаўняй музыкі (этна/фолк/фолк-рок/фолк-мадэрн/старадаўняя музыка).

Прэтэндэнты:
Testamentum Terrae – Слаўны паніч
Бан-Жвірба – Забабоны
OSIMIRA – Druva
Сяржук Сокалаў-Воюш - Песьні лісоўчыкаў
Юр'я - Рай коню


Адкрыццё году
Разглядаюцца выканаўцы (музычныя гурты), якія выдалі ў 2007 годзе дэбютны альбом і засведчылі сваю актыўнасць цягам года, стала прысутнічалі ў інфармацыйнай прасторы і перыядычна выступалі на сцэнічных пляцоўках у краіне і па-за яе межамі.

Прэтэндэнты:
Детидетей - Конверты для снов
Indra - Cонцаварот
M.L.A. - Такие же, какими были всегда


Прарыў году
Разглядаюцца выканаўцы (музычныя гурты), якія ўжо існавалі да 2007 году, але засведчылі надзвычайную актыўнасць цягам азначанага года. Улічваецца наяўнасць якасна запісанага аўдыёматэрыялу, актыўная канцэртная дзейнасць, поспех на беларускіх і міжнародных фестывалях, сталая прысутнасць у інфармацыйнай прасторы.

Прэтэндэнты:
Фляўс і Кляйн
Tarpach
Гурзуф
Haіr Peace Salon


Кліп года
Разглядаюцца ўсе відэакліпы выканаўцаў, якія падпадаюць пад фармат фестывалю, знятыя цягам 2007 года і адпавядаюць наступным крытэрам: эфектыўнае спалучэнне гуку і відэа, наяўнасць аўтарскага рэжысёрскага стылю і ратацыі на айчынных і замежных музычных каналах.

Прэтэндэнты:
Ляпіс Трубяцкой - Капитал (рэж. Аляксей Церахаў)
beZ bileta - Никогда не умирай (рэж. Мацвей Сабураў)
J:МОРС – Ледоколы (рэж. Максім Сіры)
Сяргей Пукст – Не было тебя (рэж. Максім Сіры)
Neuro Dubel - Край (тэлеканал Белсат)


Рок-Карона (гурт года)
Пераможца вызначаецца па сукупнасці заслугаў:
- Альбом
- Перамогі ў фестывалях, конкурсах, актыўная канцэртная дзейнасць
- Наяўнасць песень у тэле- і радыё-ратацыі, сталая прысутнасць у інфармацыйнай прасторы