У офісе “Гавары праўду!” праходзіць ператрус, дазволу на які ніхто не бачыў
У офісе кампаніі “Гавары праўду!” супрацоўнікі праваахоўных органаў праводзяць ператрус. Пры гэтым яны не толькі не пацвердзілі законнасць сваіх дзеянняў пастановаў аб ператрусе, але і не паведамілі яго прычыны.
Яны нават не называюць свае прозвішчы і месца службы. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў актывіст кампаніі Ігар Сімбіроў. Які на гэты момант знаходзіцца ў офісе адзін.
Ігар Сімбіроў: “Ні афіцыйнай паперы, ні дакументаў ніхто не паказаў. Зараз жанчына ў форме складае пратакол. Мне спачатку апранулі кайданкі, бо я патрабаваў паказаць дакументы, потым сжаліліся, калі так можна сказаць. Нічога не патлумачылі гэтыя людзі – што яны тут робяць, навошта яны прыйшлі. І высветліць немагчыма – усе маўчаць”.
Па словах Ігара, праваахоўнікі прывялі некалькіх сведкаў і зараз складаюць нейкія паперы. Што ў іх – яму не кажуць. Але тэхніку, ці іншыя рэчы, кажа, з офісу пакуль не выносілі. Праўда, не выключае, што за гэты час маглі нешта туды занесці.