Татарстан купіць у Беларусі бульбу, збожжа і камбікорм

Беларусь можа стаць асноўным пастаўшчыком бульбы для Татарстана. Пра гэта заявіў прэзідэнт Рэспублікі Татарстан Рустам Мінніханаў пасля сустрэчы 12 жніўня ў Мінску з прэм'ер-міністрам Беларусі Сяргеем Сідорскім. Па словах Мінніханава, якія перадае БелаПАН, Беларусь і Татарстан ужо дамовіліся пра пастаўкі 40 тысяч тон бульбы. У перспектыве аб'ём паставак можа дасягнуць 100 тысяч тон.

Таксама прэзідэнт Татарстана заявіў, што ў сувязі з пажарамі і засухай у Расіі рэспубліка цяпер мае патрэбу ў фуражным збожжы і камбікорме. Ён разлічвае атрымаць з Беларусі ад 100 да 500 тысяч тон гэтай прадукцыі.