Справа Канстанціна Лукашова будзе разглядацца паўторна

Паўторны разгляд справы Канстанціна Лукашова прызначаны на 19 чэрвеня. Справу будзе весці суддзя Ленінскага суда Мінска Т.Жулкоўская. Яшчэ 20 лютага суд пакараў Канстанціна Лукашова зняволеннем на два гады з адтэрміноўкай выканання прысуду на два гады. Грамадскага актывіста прызналі вінаватым у парушэнні артыкула 364 Крымінальнага кодэксу (супраціўленне міліцыі).

Інцыдэнт адбыўся 29 сакавіка мінулага года, калі Лукашоў, вывозячы з бальніцы свайго брата Вячаслава Сіўчыка, не пагадзіўся спыніць аўтамабіль па патрабаванні чалавека ў цывільным (як потым высветлілася, супрацоўніка міліцыі).

Два месяцы Канстанцін Лукашоў правёў ў следчым ізалятары. З зала суда ён выйшаў на волю і вырашыў абскардзіць судовае рашэнне. У красавіку Калегія Мінскага гарадскога суда адмяніла прыгавор Канстанціну Лукашову. Паўторны суд прызначаны на 19 чэрвеня.

Салідарнасць