Спецслужбы папярэджваюць актывістаў, каб тыя не ўдзельнічалі ў акцыях
Папярэджанні крануліся нават інваліда.
Супрацоўнікі міліцыі і спецслужбаў папярэджваюць магчымых удзельнікаў будучых вулічных акцый аб крымінальнай адказнасці. Папярэджанне тычыцца, у прыватнасці тых, хто ўжо адбыў адміністрацыйнае пакаранне за ўдзел у акцыі 19 снежня.
Яшчэ 9 сакавіка супрацоўнік міліцыі пазваніў інтэрнэт-публіцысту Канстанціну Чарняцу, каб выклікаць для падпісання папярэджання аб крымінальнай адказнасці, калі той пойдзе на мітынг. Званок, дарэчы, прагучаў у кватэры інваліда Чарняца а дзясятай вечара.
Канстанцін Чарнец: “Участковы міліцыянт спытаўся, ці быў я затрыманы на акцыі. Пасля ён сказаў, што трэба сустрэцца, каб падпісаць папярэджанне пра тое, што калі я яшчэ буду затрыманы на мітынгу, буду асуджаны па крымінальным артыкуле”.
Нагадаем, Канстанцін Чарнец быў затрыманы 19 снежня, каля плошчы Свабоды. У самім мітынгу ён не ўдзельнічаў,але быў пакараны штрафам у 1 мільён рублёў.
Канстанцін Чарнец – інвалід першай групы, таму з-за праблем са здароўем ён адмовіўся ісці да участковага. Пагутарыўшы, участковы адклаў гэтае пытанне.
Прынамсі, гэта не першы выпадак калі затрыманых на акцыі 19 снежня просяць падпісаць падобны дакумент.
Такі ж самы дакумент падпісваў актывіст БХД Барыс Кучынскі. Нагадаем, пасля адміністрацыйнага арышту Кучынскага дапыталі супрацоўнікі КДБ. Тады ж актывіста настойліва папрасілі падпісаць паперу. Паводле дакумента яго азнаёмілі з тым, што пры наступным затрыманні яго можа чакаць крымінальная адказнасць.
“Далі падпісацца, што калі будзеце ўдзельнічаць наступны раз – прыцягнем да крымінальнай адказнасці. Напрыклад, вас затрымалі, мы папярэджваем вас, вось, падпішыцеся. Я казаў, не буду падпісвацца. А яны адказваюць, тады мы вас не выпусцім пакуль не падпішыцеся”.
Праваабаронцы звязваюць гэтыя дакументы з псіхалагічным ціскам. Маўляў, крымінальная адказнасць прадугледжвае склад злачынства. Без наяўнасці складу злачынства, чалавека нельга прыцягнуць па крымінальным артыкуле, упэўнены юрыст Валянцін Стэфановіч.
Стэфановіч: “Супрацоўнікі міліцыі, органы пракуратуры і дзяржаўнай бяспекі ў праве выносіць афіцыйныя папярэджанні аб недапушчальнасці нейкіх дзеянняў. Але гэта не азначае, што ўдзел чалавека ў масавых дзеяннях пацягне крымінальную адказнасць. Каб была крымінальная адказнасць, мусіць быць склад злачынства ў дзеяннях. Акрамя, як на нейкі псіхалагічны ціск, я б не рэагаваў на гэта”.
Падпісанне паперы такога кшталту не цягне за сабой крымінальную адказнасць пры паўторным удзеле ў акцыі, цвердзіць Стэфановіч.
“Нават калі чалавек надалей будзе ўдзельнічаць у несанкцыянаваных акцыях і сваімі актыўнымі дзеяннямі не будзе дапускаць парушэнне грамадскага парадку, яго дзеянні будуць зноўку цягнуць адміністратыўную адказнасць”.
Дарэчы, выпадкаў, калі б праз падпісанне такой паперы чалавека прыцягнулі да крымінальнай адказнасці, праваабаронца не памятае.
Юрыст Павал Сапелка называе гэтыя распіскі прафілактычным мерапрыемствам. Маўляў, без складу злачынства чалавека не могуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасці.
"Магчыма мелася на ўвазе тое, што могуць угледзець у дзеяннях 342 артыкул Крымінальнага кодэксу. Гэта прафілактычнае мерапрыемства. Тэарэтычна гэта мажліва толькі ў выпадку, калі будзе здзейсненае злачынства".
Цяпер у актывістаў сталі браць распіскі аб тым, што тыя не пойдуць на мітынг 25 сакавіка. Але пра крымінальную адказнасць гаворкі больш не ідзе. Такія распіскі ўжо падпісаў актывіст Дзяніс Дашкевіч і журналіст Барыс Гарэцкі.
Фота: buntby.com