Скандальны верталёт падымуць са дна возера, а потым ізноў затопяць?
Мінпрыроды пасля праверкі загадала дастаць з возера Рудакова затоплены верталёт, але на будаўніцтва дайвер-цэнтра ў Нарачанскім запаведніку гэта не паўплывае.
Міністэрства аховы прыроды загадала дайверам дастаць з возера Рудакова фюзеляж верталёта Мі-2. Як раней паведамляла Еўрарадыё, у апошнія дні сакавіка на дно ўнікальнага возера, што месціцца каля Мядзела, беларускія дайверы “паклалі” Мі-2. Такім чынам на адным з самых прыгожых і чыстых вадаёмаў Нацыянальнага парка “Нарачанскі” пачалося стварэнне дайвер-цэнтра, і стары верталёт стаў яго першым аб’ектам.
Тады супраць затаплення выступілі некаторыя акадэмікі, эколагі і іншыя дайверы. На думку спецыялістаў, яго корпус утрымлівае значную колькасць шкодных металаў, што кепска адаб’ецца на экасістэме возера. Акрамя таго верталёт у такім стане мог быць небяспечным самім дайверам і аматарам пакупацца ў возеры. Цікава, што дазвол на затапленне давала Мінпрыроды. Цяпер яно ж загадала дастаць верталёт да 30 траўня.
“Міністэрства сапраўды напісала лісты, якія падтрымлівалі гэтую ідэю. Мы не супраць таго, каб развівалася інфраструктура таго ж Нарачанскага краю, — распавяла Еўрарадыё прэс-сакратар Мінпрыроды Алена Пенязь. — Але ў лістах мы пазначалі канкрэтныя ўмовы, і нам былі дадзеныя абавязальніцтвы з боку Федэрацыі падводнага спорту, што фюзеляж будзе пачышчаны, што ён будзе ў ідэальным стане і ніякай шкоды экалагічнаму стану возера не будзе нанесена”.
З такім рашэннем катэгарычна не згодны Валерый Люштак — кіраўнік навуковага аддзела Нарачанскага парка, на тэрыторыі якога месціцца возера Рудакова.
Валерый Люштак: “Не ідзе гаворкі ні пра якую не тое што экалагічную катастрофу — але ніякага больш-менш сур’ёзнага ўздзеяння на экасістэму возера Рудакова гэты фюзеляж у прынцыпе аказаць не можа. Таму той дазвол Мінпрыроды, нармальны, першы, і існаваў”.
А старшыня Федэрацыі падводнага спорту Сяргей Патрыкееў лічыць, што Мінпрыроды спачатку павінна даказаць небяспечнасць верталёта для возера.
Сяргей Патрыкееў: “У лісце апошнім Мінпрыроды няма доказнай базы, што гэта шкодна. Там спасылка ідзе на тое, што корпус пакарабачаны. Мяне здзіўляе спасылка не на тое, што корпус уяўляе экалагічную небяспеку, а на тое, што ён пашкоджаны — гэта ніяк не ўвязваецца”.
Як бы там ні было, але службовая праверка, праведзеная, згодна са словамі Алены Пенязь, супрацоўнікамі Мінпрыроды, паказала, што свае абавязальніцтвы Федэрацыя не выканала і верталёт лёг на дно возера не ў ідэальным стане. Але ў гэтым канфлікце ёсць адзін аспект: паводле словаў Валерыя Люштака, калі верталёт паклалі на лёд возера, ён быў у добрым стане без пашкоджанняў. А за некалькі дзён яго нібыта папсавалі вандалы.
Валерый Люштак: “Я гатовы пацвердзіць вам як прадстаўнік Нацпарка, што ў той дзень, калі дастаўка верталёта на лёд ажыццяўлялася, ён быў у добрым стане. Ніякіх задзіраў, надрываў, нечага, што тырчыць, не было. Можа толькі крыху недзе іржы было, але на гэта не звярталася ўвагі”.

Мінпрыроды загадала дастаць верталёт да 30 траўня. Але Валерый Люштак сцвярджае, што гэта немагчыма: да 1 ліпеня забаронена апускаць на ваду любыя плаваючыя сродкі. Прадстаўнік Мінпрыроды не бачыць у гэтым праблемы.
Алена Пенязь: “Гэта яны не змогуць дастаць. Да нас ужо звярнулася адна дзяржаўная арганізацыя, я не буду казаць якая, яна можа дапамагчы ім дастаць фюзеляж верталёта з возера Рудакова”.
Дарэчы, многія эксперты звярталі ўвагу яшчэ на адну праблему — на сам факт будаўніцтва дайвер-цэнтра на беразе маленькага возера. Вялікі наплыў людзей можа кепска паўплываць як на вадаём, так і на наваколле.
Нягледзячы на гэта, дайвер-цэнтр на возеры Рудакова будаваць працягнуць. Цяпер ужо разглядаецца заяўка інвестара на выдзяленне яму 1,5 гектара зямлі пад узвядзенне гатэля ды іншай інфраструктуры.
Што тычыцца верталёта, то, згодна са словамі старшыні Федэрацыі, яго дастануць з вады, пафарбуюць, падправяць, зачыняць, каб унутр ніхто не трапіў, і зноў затопяць. Праўда, у Мінпрыроды адзначаюць, што пра новае затапленне казаць пакуль рана.
Таксама па тэме:
У Беларусі са скандалам пачалі будаваць першы цэнтр дайвінга