Шпілеўскі: У сітуацыі з Глебам будуць шукацца кампрамісы

Мэнеджэр Аляксандра Глеба Мікалай Шпілеўскі абвяргае інфармацыю пра магчымы пераход футбаліста ў “Баварыю”. Паводле яго слоў, капітан беларускай зборнай мае намер заставацца ў Барселоне.
З каталонскім клубам у Глеба падпісаны кантракт на 4 гады, аднак апошнім часам ён не выходзіць на поле. Так, перыядычна ў прэсе з’яўляецца інфармацыя, што беларус можа перайсці ў іншы клуб. Напрыклад, сёння аўтарытэтнае каталонскае выданне El Mundo Deportivo напісала пра тое, што мюнхенская "Баварыя" прапаноўвае за Глеба 8 мільёнаў еўра. Тым часам Мікалай Шпілеўскі заяўляе, што Аляксандр не збіраецца з’язджаць з Іспаніі.

“Вядома, што ён не задаволены сваёй сённяшняй сітуацыяй у спартовым плане. Але гэта не сведчыць пра тое, што нехта збіраецца пакідаць “Барселону”. Зразумела, калі сітуацыя працягваецца з тыдня ў тыдзень, для яго не хапае гульнавога часу… У такой сітуацыі кожны прафесіянал не будзе задаволены такой сітуацыяй. Вядома, што будуць шукацца кампрамісы. Але тое, што там нехта спрабуе нешта вырашыць за нас — гэта суцэльнае трызненне”.


Дарэчы, заўтра "Барселона" згуляе другі чвэрцьфінальны паядынак Лігі чэмпіёнаў супраць французскага "Ліёна". Па словах Мікалая Шпілеўскага, Аляксандр Глеб заяўлены на гэтую гульню. Мэнеджэр нават спадзяецца, што паўабаронца выйдзе ў асноўным складзе. Нагадаем, у першым матчы каманды разышліся нічыёй 1:1.