“СБ” пасяліла знакамітага “Навушніка” па няісным адрасе

Паводле інфармацыі “Советской Белорусии”, знакаміты ўдзельнік біцця дзвярэй Дома ўраду, якога ў народзе празвалі “Навушнікам”, просты грамадзянін, які не мае нічога супольнага са спецслужбамі. “Хамічэнка Уладзімір Мікалаевіч, 1986 г. н., зарэгістраваны па адрасе г. Слуцк, вул. Урочышча Пупорава. У стане алкагольнага ап’янення непасрэдна ўдзельнічаў у пагромах, адзін з асноўных “хуліганскіх” элементаў”, — адзначана ў выданні. Насамрэч вуліцы Урочышча Пупорава ў Слуцку не існуе, піша “Наша Ніва”. Гэта пацвярджаюць працаўнікі даведкі 109 “Белтэлекаму”, а таксама каталог “Алфавітны спіс вуліцаў г. Слуцку” “Белпошты”.

Маюцца сведчанні затрыманых 19 снежня, якія знаходзіліся ў адной камеры з Уладзімірам Хамічэнкам. Так, Сяргей Г. распавёў у інтэрв’ю “Белсату” наступнае: “Нам гэты “Навушнік” распавядаў, што ён ужо шмат гадоў жыве ў Смаленску. І ў Беларусь прыехаў выключна, каб выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю супраць улады ў дзень выбараў”.

У фільме БТ “Плошча. Жалезам па шкле” прагучала, што Хамічэнка прыехаў у Мінск са Слуцку “на запрашэнне БХД”. Намеснік старшыні партыі Віталь Рымашэўскі раней аспрэчыў гэтую інфармацыю.