Самі на дабрачыннасць скідваюцца ў Мінюсце і Мінэнергетыкі
Іншыя чыноўнікі эканомяць, бяруць грошы з бюджэту ці звяртаюцца да спонсараў.
12 снежня ў краіне стартуе штогадовая навагодняя дабрачынная акцыя "Нашы дзеці". Чыноўнікі з падарункамі наведваюць дзіцячыя дамы-інтэрнаты, апякунскія і прыёмныя сем’і ды бальніцы. Усё пройдзе згодна з Пастановай Саўміна №1020 аб правядзенні навагодняй дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”:
“…зацвердзіць графiк правядзення навагодняй дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” і давесці яго да ведама зацікаўленых”.
Фінансаванне расходаў на дабрачыннасць будзе адбывацца за кошт сродкаў, прадугледжаных у… рэспубліканскім бюджэце, да “эканоміі каштарыса расходаў…”. Нейкая дзіўная дабрачыннасць па-чыноўніцку.
"Удзельнічаем у гэтай акцыі цягам шэрагу гадоў. Звычайна курыруем Сацыяльна-педагагічны цэнтр Цэнтральнага раёна Мінска. Натуральна, дзецям у асноўным дорым слодычы. Штораз даведваемся, якія патрэбы ёсць і нешта набываем. Супрацоўнікі самі збіраюць грошы на падарункі", — прыводзяць прыклад сапраўднай дабрачыннасці ў прэс-службе Мінэнергетыкі.
Міністэрства эканомікі набывае падарункі для дзяцей “за кошт эканоміі сродкаў, якія выдзяляюцца на ўтрыманне міністэрства”. Эканамісты курыруюць Дзіцячы дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, што ў Навінках. Як падкрэслівае прэс-сакратар міністэрства Віктар Еўтухоў, дапамагаюць не толькі ў межах акцыі "Нашы дзеці", але і ў звычайным жыцці.
"Мы ўзаемадзейнічаем з Бярозкаўскай школай-садам, што ў Докшыцкім раёне, цягам 8 гадоў, — распавядае прэс-сакратар міністэрства юстыцыі Людміла Мазан. — Набываем квіткі ў тэатр дзеткам, прывозім іх на спектаклі, у цырк. Бывае, на апошні званок міністр выязджае. На падарункі скідваемся самі — мы ж бюджэтная арганізацыя! Раней мы яшчэ і прытулак курыравалі. Аднак цяпер ужо школа стала вялікай, цяжкавата. А так, яшчэ і ў прытулак збіралі, і кніжкі, і рэчы, і грошы — як маглі".
Віншаваць падшэфных Мінспорту і турызму выхаванцаў Магілёўскай абласной кадэцкай школы-інтэрната для дзяцей-сірот, едзе сам міністр ці намеснік. Дзеці ладзяць канцэрт для гасцей, госці ўдзельнічаюць у карагодах і дораць падарункі — цукеркі, мячы ды іншы спартыўны інвентар. Падарункі, кажа прэс-сакратар міністэрства Уладзімір Несцяровіч, набываюцца за кошт эканоміі фонду заробку і прафсаюза ці часткі грошай, выдаткаваных з продажу Нацыянальнай спартыўнай латарэі.
"Калі сёлета схема будзе такая, па лініі Нацыянальнай спартыўнай латарэі, то гэта значыць, што грамадзяне, якія набываюць білеты, такім чынам удзельнічаюць у гэтай дабрачыннай акцыі", — дадае Уладзімір.
“У школе 103 дзіцяці, таму зразумела, што супрацоўнікі самі не дадуць рады сабраць грошы на патрэбы школы”, — прызнаецца кіраўнік прэс-службы Міністэрства лясной гаспадаркі Дар’я Ляпешка. Таму на дапамогу міністэрству прыходзяць падведамныя прадпрыемствы кшталту Лясгаса ці Беллесэксапрт.
“Напрыклад, да 1 верасня набывалі парты, дарылі відэакамеру — тое, што неабходна. На Новы год звычайна дорым дзеткам салодкія падарункі, і нешта для самой школы”, — распавядае Дар’я Ляпешка.
Цікава, што прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч у мінулым годзе ў межах акцыі наведваў пацыентаў 3-й гарадской клінічнай бальніцы. У гэты ж час з’явілася і пастанаўленне Савета Міністраў “Аб прадастаўленні бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі ўстанове аховы здароўя “3-я гарадская клінічная бальніца””. Тое самае было і ў 2012 годзе з Дзіцячым домам №6 горада Мінска.
Вядомая радыёвядучая і пісьменніца Тамара Лісіцкая, якая займаецца дабрачыннасцю каля 10 гадоў, лічыць, што беларусы — чуллівыя людзі і лёгка адклікаюцца на просьбы аб дапамозе. Тамара прыводзіць прыклад адмысловай старонкі ў Фэйсбуку "Дежурные ангелы", дзе збіраюцца людзі, гатовыя ў любы момант дапамагчы.
"Мне тэлефануюць, напрыклад, з дзіцячай анкалогіі і кажуць, што патрэбнае тое ці тое, — Тамара прыводзіць прыклад схемы, па якой працуюць "Дежурные ангелы". — Мы маем базу, з якой вядома, што нехта хацеў бы аддаць мэблю, нехта — цацкі, нехта — пералічыць свой ганарар на пакупку 10 упаковак падгузнікаў. І я проста зводжу гэтых людзей, якія вырашаюць ужо пытанні паміж сабой. Калі я бачу, што задача больш глабальная, чым звядзенне двух кантактаў, то я выкладваю ў інтэрнэт гэту просьбу, і зазвычай практычна адразу пачынаюць паступаць прапановы. Далей з прапановаў фарміруецца база праекту: нехта прызначаецца валанцёрам, нехта — адказным за машыны, нехта ездзіць па горадзе і збірае падарункі, у некага гэта ўсё складуецца, нехта фіксуе дадзеныя, каб усё было празрыста".
Тамара лічыць, што наўрад ці дзейнасць яе і аднадумцаў набудзе нейкі афіцыйны статус і кажа, што будзе далей дапамагаць дзецям, пакуль ёсць такая магчымасць.
Фота: www.orshanka.by