Змітра Піменава адпусцілі з польскай пракуратуры без абвінавачанняў

У пракуратуры польскага Пшэмысьля беларускага палітуцекача апыталі і адпусцілі. Як паведаміў "Газэце Выборчай" прадстаўнік пракуратуры, у абвінавачанняў, якія вылучае Піменаву беларускі бок, скончыўся тэрмін даўнасці.

Нагадаем, што палітуцекача затрымалі ўначы з чацвярга на пятніцу польскія памежнікі. Піменаў з жонкай Кацярынай ехаў праз польска-ўкраінскую мяжу. Сам ён мае "жэнеўскі" пашпарт палітуцекача, жонка — грамадзянка Бельгіі. Беларусь абвясціла Піменава ў вышук па лініі Інтэрполу: яго вінавацяць у хуліганстве і вандалізме.

Допыт Піменава ў польскай пракуратуры цягнуўся амаль 8 гадзінаў. Беларускія спецслужбы вінавацяць яго ў нападзе на двух мужчын у лістападзе 2000 года ў Віцебску. Сам апазіцыянер кажа, што не ўдзельнічаў у бойцы. Польская пракуратура не стала высветляць, на чыім баку праўда, бо скончыўся тэрмін даўнасці — пасля здарэння прайшло больш за 10 гадоў.

Піменава адпусцілі з пракуратуры. Але польскія праваахоўнікі яшчэ не вырашылі, ці будуць яны экстрадыраваць палітуцекача ў Беларусь. Пакуль што ён будзе жыць у свайго знаёмага на Падляшшы.

Калі Піменаў паспрабуе выехаць па-за межы Еўрасаюза, яго зноў затрымаюць, бо ён застаецца ў вышуку Інтэрпола.

Пракуратура ў Пшэмысьлі, дзе дапытвалі Піменава

Фота: Радыё "Свабода" і Gazeta.pl