Жыхары Брэстчыны падпісваюцца за малы памежны рух

Актывісты грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду” ладзілі праграму “Крок у Еўропу”. Яны збіралі подпісы за неадкладнае ўвядзенне ў сілу Дамовы аб малым памежным руху паміж Беларуссю і Польшчай ў раёнах Брэстчыны. Пад праграмай падвялі рысу напрыканцы снежня. Але і пасля яго прыйшлі дзясяткі лістоў.

Актывістка кампаніі Ганна Канюс прыводзіць прыклад аднаго такога ліста:

Ганна Канюс: "Мы збіралі подпісы па вуліцы Цэнтральнай у Жабінцы. І вось прыйшоў ліст ад жыхаркі вуліцы Цэнтральная, а ў ім не толькі подпіс гэтай жанчыны, але і подпісы жыхароў Жабінкі з другіх вуліц і нават подпісы знаёмых — двух жыхароў вёскі Залессе і яшчэ адной бліжняй вёскі".

Напрамую актывісты сабралі больш за 3000 подпісаў. Тыя, якія прыходзяць цяпер, таксама адсылаюцца па прызначэнні — у аблвыканкам.

Нагадаем, Дамову аб бязвізавым руху ў межах 50-кіламетровай зоны паміж Польшчай і Беларуссю ўхвалілі парламенты абедзвюх краін. Ухваліў яе і прэзідэнт Польшчы. Цяпер дамова больш за год чакае падпісання ад беларускага вышэйшага кіраўніцтва.