Жыхар кватэры з заблакаванай каналізацыяй разлічыўся за камунальныя

Карэспандэнт Еўрарадыё наведаў дзевяты дом па вуліцы Карбышава ў Мінску, каб даведацца, як жывуць жыхары кватэраў, якім на мінулым тыдні адключылі каналізацыю. Аказалася, што жыхар адной з кватэраў проста з'ехаў і аплаціў толькі 200 тысяч з мільённай запазычанасці, а вось жыхары другой кватэры цалкам аплацілі запазычанасць у некалькі мільёнаў рублёў, распавяла Еўрарадыё дырэктар ЖЭС-61 Іна Ясінская.

Але жыхарам каналізацыю, ваду, газ і святло не вярнуць да таго часу, пакуль яны не аплацяць паўторнае падключэнне. Дарэчы, каб спецыялісты знялі пробку з каналізацыйнай трубы, трэба аплаціць 110 тысяч рублёў за паслугу.
Іна Ясінская: "Яны павінны заплаціць за падключэнне адключаных паслугаў. Тое, што гэта платна, яны былі папярэджаныя".
Як сведчаць суседзі, пакуль каналізацыі няма, жыхары кватэры з нешчаслівым нумарам зліваюць усё праз акно.
"Да 12 гадзінаў раніцы ўжо сюды з акна вылівалі. А я асабіста ўчора недзе каля 12-ці бачыла. І ў той бок, мой муж казаў", — кажа суседка па пад'ездзе.
Менавіта сюды, па словах суседзяў, вылівалі нечыстоты.
Суседзі знізу і па паверсе, пабачыўшы карэспандэнта Еўрарадыё, размаўляць не захацелі. Суседка з другога паверху патлумачыла, што пасля інтэрв'ю тэлебачанню яны ўжо не хочуць нічога казаць журналістам:"На яе накрычалі, таму што яна казала. А тое, што яна сказала, тэлебачанне не паказала. Яны не паказалі, што яе залівалі ўжо. Паўсюль хлусня і падман. Домакіраўніцтва таксама адчувае сваю віну. Пачалі 7 прыбіральшчыц пад'езд мыць і ўсё пафарбавалі тут".
Паводле словаў дырэктаркі ЖЭСа, з жыхарамі гэтых дзвюх кватэраў цяжка размаўляць. Агулам за камунальныя яны не плацілі ўжо каля 10 год, таму прыйшлося пайсці на скрайнія меры.
Іна Ясінская: "Гэтыя 2 кватэры зусім малакантактныя. Ад іх ніколі не было ніякай рэакцыі. Адключылі святло — нічога, ваду, газ — таксама ніякай рэакцыі. Неяк жа трэба працу весці, з імі змагацца. Ну, як інакш? Людзі маюць каля 23 мільёнаў запазычанасці, не аплочваюць 10 год. Высяліць іх нельга, а так будзе хоць нейкая магчымасць".

У кватэры жыве маці з двума сынамі. Суседзі кажуць, што толькі адзін з іх працуе. Такія меры лічаць няправільнымі, бо праблемы гэта стварае не толькі неплацельшчыкам, але і ўсім суседзям.
Суседка: "У той бок яны таксама плюхалі. Мой муж ужо акно не хоча адчыняць. Домакіраўніцтва таксама спала. Чалавек калі не працуе, але атрымоўвае пенсію, дык можна з пенсіі вылічваць. А каналізацыю адключаць — гэта ж самае апошняе, бо ўсё да суседзяў. Нюхаць тут гэта".

У другой кватэры жыве мужчына 40 год. Пасля смерці маці пачаў піць і перастаў плаціць за камунальныя, афіцыйна не працуе. Зараз яго не відаць: дворнікі кажуць, што некуды з'ехаў з гэтай кватэры. У ЖЭСе спадзяюцца, што атрымаецца вырашыць праблему і з гэтым даўжніком.
Блакуюць каналізацыю прыборам з назвай "Спрут" — гэта спецыяльнае прыстасаванне з маніторам, а таксама маніпулятарам і відэакамерай на канцы тросаў.
Каб адключыць кватэру, трос апускаюць у стаяк з даху дома. З дапамогай камеры і маніпулятара на патрэбным паверсе ўсталёўваюць заглушку — невялікі мяч, які надзімаюць паветрам. 
Каштуе такі робат каля 5 мільёнаў рублёў, а распрацаваны ён ва Ўкраіне, дзе ім даўно актыўна карыстаюцца.
Фота: onliner.by