З-за выдатнікаў ВНУ штогод губляюць дзясяткі мільёнаў прыбытку
Але дастаткова студэнту “прагуляць” грамадскую працу, не ўступіць у БРСМ ці паўдзельнічаць не ў той акцыі, і зніжкі на аплату навучання не дадуць
Як даведалася Еўрарадыё, любы студэнт-“платнік” можа зэканоміць на аплаце навучання -- да 40%. Для гэтага дастаткова мець адзнакі не ніжэй за 6 балаў, праявіць сябе ў грамадскай працы.
Правіла такое існуе амаль год. І калі студэнтам гэта дадало імпэту ў навучанні, то “альма-матэр” не вельмі даспадобы. А ўсё з-за таго, кажа начальнік планавага аддзела Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта Святлана Кавалёва, што прадастаўляць зніжкі па аплаце выдатнікам ВНУ мусіць за свой кошт.
Святлана Кавалёва: “Ільготы ў выглядзе прадастаўлення зніжак за навучанне альбо перавод на бясплатную форму навучання летась каля 100 мільёнаў склалі. А гэта каля 1,5% рэнтабельнасці. Бо гэта льгота прадстаўляецца з каштарысаў пазабюджэтнай дзейнасці. Калі адны студэнты ўносяць плату за навучанне, а зніжкі па гэтым каштарысе прадастаўляюцца іншым ці гэтым жа студэнтам. Ідзе на немэтавае выкарыстанне сродкаў. Кампенсацыя гэтых выдаткаў з бюджэту малаверагодная”.
І прызнаецца, што гэтыя грошы ўніверсітэт мог бы патраціць на іншыя мэты.
Святлана Кавалёва: “100 мільёнаў, для параўнання, у нас штогод ідзе на набыццё абсталявання”.
У яшчэ больш незайздроснай сітуацыі ВНУ Гомеля. Там выдатнікі маюць дадатковыя льготы, кажа галоўны бухгалтар Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Скарыны Альбіна Шаўрына.
Альбіна Шаўрына: “Больша за 700 мільёнаў рублёў у год з нашага прыбытку мы накіроўваем на тое, каб кампенсаваць зніжкі, якія прадастаўляюцца студэнтам, якія добра навучаюцца. А паколькі мы знаходзімся ў Чарнобыльскай зоне, то большасць нашых зніжак прадастаўляецца студэнтам, якія маюць льготы ў адпаведнасці з 23 артыкулам – як “чарнобыльцы”. Гэтыя выдатнікі, плюс тая льгота і атрымліваецца для нас ўсё вельмі затратна”.
Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт летась згубіў на зніжках для 31 выданіка 40,3 мільёна рублёў. Па словах начальніка планавага аддзела ВНУ Валянціны Каштанюк такая адносна невялікая сума тлумачыцца сур’ёзным падыходам выкладчыкаў да ацэнкі ведаў.
Валянціна Каштанюк: “У нас вельмі строга. Бо глядзяць і навуку, і ўсё... Вядома, гэты кантынгент па-мінімуму прапускаецца, каб гэтыя сумы былі не 100 мільёнаў, а былі менш. У межах таго, што можам прадастаўляем. Але і гэтыя 40 мільёнаў маглі на нешта іншае патраціць!”
Для разгляду пытання аб зніжцы на аплату навучання ў ВНУ ствараецца адмысловая камісія. У выніку нават самы першы з выдатнікаў не можа разлічваць на зніжку, калі не удзельнічае ў грамадскай працы.
Валянціна Каштанюк: “Грамадская праца ўлічваецца, а вучоба і паводзіны – перш за ўсё! Вядома, калі ёсць нейкія заўвагі па паводзінах, то ніхто яго нават і разглядаць не будзе”.
Еўрарадыё: “Такім чынам, калі студэнт на нейкім мітынгу “засвяціўся”, трапіў у міліцыю, то ўсё?”
Валянціна Каштанюк: “Канешне, што вы!”
Па яе словах, ўвогуле не зразумела, як далей будзе выжываць платнае навучанне. З аднаго боку, неабходна павышаць заробкі выкладчыкам, але для гэтага неабходна павялічваць плату за навучанне. Грошай жа на гэта няма. А тут яшчэ і зніжаць аплату за навучанне выдатнікам трэба з уласнага прыбытку.
Фота: http://fota.bymedia.net/