“Каб не дождж, паехаў быў у грыбы, а так… давялося ісці галасаваць”

120923_savi4_utro.mp3

Сакратар камісіі выбарчага ўчастка № 380 Фрунзенскага раёна Алена кажа Еўрарадыё, што іх участак праблемны. Большасць выбаршчыкаў — інваліды па зроку. У кабінку заходзяць разам з павадырамі. У камісіі спадзяюцца, што гэта не будзе парушэннем заканадаўства.

Датэрмінова на ўчастку прагаласавала 20% выбаршчыкаў. Тут балатуюцца тры кандыдаты — беспартыйная Людміла Кубракова, сябра Камуністычнай партыі Мікалай Яшкоў і сябра ЛДП Міхаіл Шэлег. Двое кандыдатаў — Ганна Канапацкая і Віктар Буры — знялі свае кандыдатуры яшчэ да пачатку датэрміновага галасавання.

Разам з назіральнікамі і камісіяй чакаем першых выбаршчыкаў амаль гадзіну. Прыкладна а 9 гадзіне на ўчастак завітваюць адразу сем чалавек. Пяць з іх дрэнна бачаць. Яны прыйшлі з сябрамі. Гэтак жа і ў кабінку.

“Гэта не выбары, гэта так… Жыць нам усё лепш і лепш, так? На пенсію паспрабуйце пражывіце. Мы галасуем, каб жыццё стала лепшым, мы ж, можа, заслужылі гэта? У ўнучкі адабралі бясплатны праезд, за вучобу трэба аддаць 12 мільёнаў. Набалела ўжо гэта ўсе”, — не стрымлівае слёз пенсіянерка.

Яна прыйшла сюды са сляпой сяброўкай Ленай. Тая выбірае з упэўненасцю, што калі сама кіне бюлетэнь, дык яе голас нікому не аддадуць.

“А навошта, каб другія за нас галасавалі?”.

Выбаршчык Анатоль прыйшоў на выбары, бо… на вуліцы дождж.

“Я паглядзеў прагноз — будзе дождж, і больш ніякіх спраў на сёння не планаваў. Каб дажджу не было — паехаў бы ў грыбы”, — распавядае мужчына. Анатоль нічога супраць датэрміновага галасавання не мае, галоўнае — прагаласаваць.

“Той, хто байкатуе выбары і не ходзіць на іх, значыць, яму ўвогуле ўсе роўна. У нас тры кандыдаты, нармальныя. Ёсць з каго выбіраць”, — расказвае грыбнік, якому не пашанцавала з надвор’ем.

Бліжэй да 10-й гадзіны людзей на ўчастку значна больш. Яны спачатку падыходзяць да стэндаў, дзе змешчана кароткая біяграфія кандыдатаў, а пасля ідуць па бюлетэнь. На азнаямленне з кандыдатамі, рэгістрацыю ў выбарчай камісіі і непасрэдна галасаванне затрачваецца менш за 10 хвілін.

Выбаршчыца Юзэфа на пытанне Еўрарадыё, ці ведае яна сваіх кандыдатаў, адказвае проста:

“Вось пачытала на ўваходзе пра ўсіх кандыдатаў. Прагаласавала за жанчыну. Яна ў банку працуе, а я часта бяру крэдыты”, — тлумачыць свой выбар Юзэфа.