Вяртацца да “дакрызісных” нормаў правозу паліва праз мяжу не плануюць

Каб абмежаваць вываз паліва за межы Беларусі, з 21 лістапада 2011 года выязджаць за мяжу на аўтамабілі стала магчымым раз на 8 дзён. Вяртанне да старых норм выезда – раз на 5 дзён – не плануецца. Пра гэта Еўрарадыё паведамляе кіраўнік прэс-службы Мытнага камітэта Ігар Пяшко.

Ігар Пяшко: “Вы ж выдатна разумееце, што парытэт цэн захоўваецца да гэтых часоў. Таму – розніца ёсць і, усё ж такі, праблема (вывазу беларускіх нафтапрадуктаў) такім чынам вырашаецца”.


Нагадаем, адпаведную Пастанову № 1554 аб памяншэнні колькасці выездаў за мяжу на аўтамабілі прэм’ер-міністра Міхаіл Мясніковіч падпісаў 18 лістапада 2011 года. Дзейнічаць яна пачала з 21 лістапада. З таго часу па страхоўцы на 15 дзён выехаць за мяжу можна не 3 разы, а толькі 2. Увогуле, абмежаванні на выезд за мяжу на машыне былі ўведзеныя 11 чэрвеня 2011 года, каб спыніць вываз беларускага паліва, што рэзка патаннела. Першапачаткова выязджаць можна было не часцей, чым раз на 5 дзён. У лістападзе мінулага года колькасць дзён вырасла да 8. Тэарэтычна выехаць можна і часцей, але для гэтага неабходна задэклараваць паліва ў баку і заплаціць пошліну, але з гэтым часцяком узнікаюць праблемы.