Вучоба бюджэтніку каштуе ў 2,5 разы даражэй, чым платніку

120807 Martynovich VNUplata.mp3

Цяпер нават бюджэтнікаў вучаць па дамовах “аб падрыхтоўцы спецыяліста з вышэйшай адукацыяй за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту”. Еўрарадыё знаходзіць узор такой дамовы на сайце Медыцынскага універсітэта.

Узор дамову для бюджэтнікаў у Медыцынскім універсітэце

Нічога незвычайнага: ВНУ вучыць 4-6 гадоў, бюджэтнік вучыцца і адпрацоўвае па размеркаванні. Калі не адпрацоўвае… плаціць. У Медыцынскім універсітэце на педыятрычным 153 мільёны за шэсць гадоў.

“Добра, што дамова зведзеная ў адзін дакумент – і правы, і абавязкі - на руках у студэнта. Бо здараецца, калі ВНУ не праходзіць акрэдытацыю, а тут у студэнта будзе дакумент, што яго абяцалі вучыць пэўны тэрмін”, - расказвае юрыст Людміла Чэкіна.

Цікава, што на гістарычным у БДУ студэнт плаціць за пяць гадоў больш, чым у медыцынскім за шэсць – 158 мільёнаў, калі адмовіцца да адпрацоўкі.

Фрагмент дамовы для бюджэтнікаў з гістфаку

Еўрарадыё даведалася, што абітурыент можа прапанаваць дадаць у стандартную дамову… свае ўмовы.

“Можа прапанаваць умовы, якія не супярэчаць тыпавой форме дамовы. У выніку, калі ВНУ пагодзіцца, то тут няма нічога немагчымага”, - тлумачыць Людміла Чэкіна.

Сёлета ўсе абітурыенты заключалі дамовы. Ці спрабавалі дадаць сабе бонусік?

“Ніякіх праблем не было, мы з усімі заключылі дамовы. Але па дамове можна падпісаць дадатковыя пункты. Жадаючых не было”, - расказваюць у прыёмнай камісіі Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Куляшова.

І самі не ведаюць, што б можна было туды дадаць. Выпадкаў, каб студэнты прапаноўвалі дадатковыя правы ў дамову, не ўзгадваюць ні ў БДУ, ні ва Універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі.

Чаму ж абітурыенты не скарысталіся? Выдатніцу Карыну, якая ідзе ў медыцынскі, усё задаволіла.

“Мяне ўсё задавальняе, я не разлічваю на нешта дадатковае”, - тлумачыць Карына.

Наста пайшла на гістарычны набраўшы 292 балы. Спужалася сумы бюджэтных расходаў на сваю адукацыю.

“Адразу кідаецца ў вочы сума ў 158 мільёнаў. Падлічыць, дык на платным вучыцца танней. Я б зрабіла мову гэтай дамовы прасцейшай. А то шмат агульных незразумелых фраз”, - кажа Наста.

Кошт аднаго году на гістфаку – 12 мільёнаў 400 тысяч рублёў. За пяць гадоў атрымаецца 62 мільёны на платным. Выплата за неадпрацоўку па гэтай дамове ў 2,5 разы большая.

Фота 1:onliner.by