Вакансія на 20 мільёнаў рублёў для… рабочага без адукацыі!
Толькі па заробак давядзецца ехаць ажно ў Венесуэлу.
Нечакана самыя крутая вакансія на сайце Міністэрства працы — мантажнік без вопыту працы. Заробак амаль ў чатыры разы вышэйшы за сярэдні заробак беларусаў — ад 20 мільёнаў! Але па грошы ехаць трэба ажно ў Венесуэлу і амаль на год. Цікавая яшчэ адна ўмова — кандыдат мусіць быць малады і здаровы:
“Трэба пашыраную медкамісію прайсці, прышчэпку ад жоўтай ліхаманкі зрабіць. Заробак — 2,3 тысячы долараў, але трэба будзе заплаціць падаткі — 100 долараў”, — распавядаюць у трэсце “Белсантэхмантаж”.
Грошы нават для Мінска вялікія, але працаваць трэба па 10-12 гадзін, з адным выхадным днём.
“Працаваць трэба па-сапраўднаму. Адзін раз на дзень кормяць. Жыллё — можна сказаць, баракі. Якая там абстаноўка? Ніхто сакрэтаў не робіць, адкрыйце інтэрнэт. Самая крымінагенная краіна ў свеце. Але калі сам галаву не высунеш, чапаць не будзе”.
Хай сабе там Венесуэла. У тутэйшую вёску Навасёлкі Слонімскага раёна шукаюць галоўнага агранома з заробкам ў 10 мільёнаў. Кажуць, заробак будзе і большым.
“Патрэбен чалавек, які будзе ведаць усё ў ідэале. Для галоўнага агранома заробак будзе мо і болей, бо самі разумееце — без талковага агранома гаспадарка — гэта нічога!” — кажуць у гаспадарцы і абяцаюць выгады далей:
“Жыллё знойдзем, у нас многія людзі ездзяць са Слоніма на працоўнай машыне, таму можна разглядзець варыянт, што можна будзе вазіць. Можна таксама варыянт са службовым аўтамабілем. Гэта ўсё вырашальна”, — з гэтымі словамі адразу настойваюць на асабістай сустрэчы.
Тысячу долараў прапаноўваюць і трактарысту на Слуцкім ільнозаводзе з прадастаўленнем жылля і харчавання, і нават тэрапеўту ў 20-ю мінскую гарадскую паліклініку з абавязкамі загадчыка.
Я ўжо ведаю, куды пойдуць чыноўнікі пасля скарачэння: на Мінскі маргарынавы завод. Там якраз шукаюць намесніка дырэктара па продажы. Вітаецца вопыт кіравання людзьмі. Абяцаюць высокі заробак ў 10 мільёнаў, але будзе залежаць ад вынікаў збыту.
“А штосьці адпраўляем, напрыклад, у Афрыку. Мінусы працы: нейкая сезоннасць ў продажы прадуктаў, бо беларусы ядуць маргарын, маянэз ці масла ўсё ж сезонна. Таксама многіх палохае(!), што дзяржава прадае частку акцый інвестарам”, — пужаюць мяне інвестарамі на Мінскім маргарынавым заводзе.
На 10-13 мільёнаў рублёў могуць разлічваць і праграміст, і ветэрынарны доктар з веданнем чатырох (!) замежных моваў! З сабакам яму размаўляць на французскай ці што?
“Жадаючыя ёсць, але патрэбна і веданне на гэты заробак. Ветдоктар павінен ведаць англійскую, французскую, літоўскую і польскія мовы, таксама трэба ведаць схему вакцынацыі, і для зваротнай сувязі з Літвой, Польшчай, Францыяй ці Англіяй, бо ўся перапіска вядзецца на гэтых мовах”, — кажуць у прыватнай фірме “Любавета”.
Усяго ж на сайце Мінпрацы — з 24 тысячы вакансій, а заробак трохі большы за 8 мільёнаў прапаноўваюць прыкладна 100 ўстаноў. Збольшага такія грошы плацяць спецыялістам-рабочым без вышэйшай адукацыі. Настаўнікам і дактарам можна ў лепшым выпадку разлічваць на 3-4 мільёны.