Удакладненне: Растаможка аўто не залежыць ад рэгістрацыі ў ДАІ

У матэрыяле “Увёз машыну да 1 ліпеня і... трапіў у пастку” Еўрарадыё дапусціла памылку. Прыносім прабачэнні супрацоўнікам Мытнага камітэта, ДАІ і нашым слухачам.

Паводле ўдакладнёнай інфармацыі, растаможка аўтамабіляў НІЯК не залежыць ад рэгістрацыі ў ДАІ. Галоўнае, каб мытная дэкларацыя была пададзеная і зарэгістраваная да 1 ліпеня 2011 года. Пасля мытнага афармлення можаце ставіць машыну на ўлік у ДАІ ў адведзены заканадаўствам час, і на велічыню пошліны гэта ўжо не паўплывае.

“Калі вы пададзіце мытную дэкларацыю ў мытню 1 ліпеня, то пошліна ўжо будзе паводле новых ставак”, — патлумачылі ў Мытным камітэце.

Па словах Андрэя, які ўжо набліжаўся да месца зверкі нумароў, адстаяць у чарзе яму давялося даволі доўга.

Андрэй: “Ад дзевятай гадзіны і вось ужо дзве гадзіны стаю”.

Па словах супрацоўніка ДАІ, які праводзіць зверку нумароў, падобны ажыятаж назіраецца ўжо некалькі месяцаў.

Еўрарадыё: “Даўно ў вас тут такі ажыятаж?”

Супрацоўнік ДАІ: “Са студзеня месяца”.

Еўрарадыё: “І колькі машын даводзіцца афармляць штодня?”

Супрацоўнік ДАІ: “Каля тысячы”.

Адпаведныя чэргі і потым на прыёме дакументаў на рэгістрацыю транспартных сродкаў. Але калі “Мінская вобласць” атрымлівае нумары ў той жа дзень пасля абеду, то мінчукам і тут давядзецца пачакаць.

“Вы ставіце на ўлік ці здымаеце”? — удакладніла ў карэспандэнта Еўрарадыё супрацоўніца аддзела рэгістрацыі ў адказ на пытанне пра дату выдачы новых нумароў.

Еўрарадыё: “Стаўлю”.

“7 ліпеня толькі атрымаеце нумары”, — расчаравалі ў акенцы.

Нагадаем, калі сёння растаможка машыны "ўзростам" 6 гадоў і аб'ёмам рухавіка 1,8 каштуе каля 800 еўра, то з 1 ліпеня за яе давядзецца заплаціць амаль у 8 разоў больш — 6300 еўра.

Фота: Змітра Лукашука