У Кувейце запусцілі рэкордны феерверк за 15 мільёнаў долараў (фота+відэа)

Эмір Кувейта падарыў свайму народу незабыўнае свята ў дзень 50-годдзя Канстытуцыі, зрабіўшы самы грандыёзны феерверк у гісторыі. Дзясяткі тысяч кувейтцаў і замежнікаў сабраліся ў сталіцы Эль-Кувейт, каб паглядзець грандыёзнае шоу, піша The Kuwait Times.

"Я рады пацвердзіць, што было запушчана 77.282 феерверкаў, што азначае ўсталяванне новага рэкорду",— адзначыў прадстаўнік камісіі сусветных рэкордаў Гінеса.

Канстытуцыю ў Кувейце прынялі 11 лістапада 1962 года. Яна таксама была свайго роду рэкордам, паколькі Кувейт — першая арабская краіна Персідскага заліва, у якой з'явіўся падобны дакумент. Аднак, адзначым, не ва ўсіх кувейтцаў грандыёзны феерверк выклікаў пачуццё гонару за радзіму. Аглядальнік The Kuwait Times піша, што краіна магла б патраціць грошы на іншыя, больш важныя рэчы.

"Няўжо нам трэба было марнаваць 4.000.000 кувейцкіх дынараў (каля 15 мільёнаў долараў), каб патрапіць у Кнігу рэкордаў Гінеса. Каму гэта трэба? Ці не лепш было трапіць у кнігу рэкордаў за нешта сапраўды карыснае чалавецтву", —дадае ён.