У чым розніца паміж "хуліганскім" "кактэйлем Молатава" і "тэрарыстычным"?
У першым выпадку апазіцыянеры па-ранейшаму змогуць свабодна хадзіць у літоўскую амбасаду, у другім — праз узмоцнены дагляд.
Тое, што закідванне літоўскай амбасады “кактэйлем Молатава” 6 лістапада беларускія праваахоўнікі называюць “злосным хуліганствам”, у Літве лічаць няўдалым жартам. І чакаюць, калі інцыдэнт назавуць тэрактам. Без жартаў.
“Я падумаў, што гэта быў “адэскі жарт” з боку нейкіх безадказных супрацоўнікаў МЗС Беларусі — нехта пажартаваў, што гэта кваліфікуецца як хуліганскае здарэнне. Мы чакаем перакваліфікацыі здарэння ад беларускіх уладаў і ад органаў, якія звязаныя з расследаваннем. Але мы гэтага не чуем!" — абураецца старшыня парламенцкага Камітэта па замежных справах Эмануэліс Зінгерыс.

А таксама папярэджвае: адносіны паміж Беларуссю і Літвой вельмі моцна залежаць ад вынікаў расследавання нападу на літоўскую амбасаду ў Мінску.
Эмануэліс Зінгерыс: “Бо гэта не жарт, не хуліганства. Таму літоўская грамадства будзе лічыць гэта расследаванне паказчыкам сур’ёзнага ці несур’ёзнага стаўлення да міждзяржаўных зносінаў. Гэта становіцца лакмусавай паперкай, гэта — не дробны ўчынак”.
Пакуль жа вядома толькі пра ноту пратэсту, якую перадалі беларускаму амбасадару ў Вільні. Карацей, у Літве чакаюць хуткіх вынікаў расследавання.
Але калі беларускія ўлады пагодзяцца з патрабаваннем літоўцаў, то больш за ўсіх пацерпяць… беларускія апазіцыянеры! У такім выпадку нашы спецслужбы і міліцыя павінны будуць узмацніць “рэжым пропуску і дагляду” вакол амбасады.
“Інтэрпрэтацыя гэтага здарэння як “тэракт”, а не як “хуліганскі ўчынак”, прадугледжвае, што беларускі бок распачне такія дзеянні, якія ўзмоцняць рэжым вакол консульства Літвы. А гэта ў будучыні ўскладніць свабодны доступ апазіцыянераў на гэтую тэрыторыю”, — папярэджвае палітолаг, прафесар Каўнаскага ўніверсітэта Вітаўта Вялікага Гінтаўтас Мажэйкіс.

Што да пагаршэння стасункаў паміж краінамі, то, на думку эксперта, і гэта будзе залежыць ад Літвы. Паводле слоў Гінтаўтаса Мажэйкіса, патрабаванні перакваліфікаваць інцыдэнт у тэракт лагічныя. Так прынята ў міжнародным праве і міжнароднай палітыцы. Але трэба ўлічваць “беларускі момант” — да чаго гэта прывядзе і каму зробіць горш.
Гінтаўтас Мажэйкіс: “Калі будзе такая трактоўка падзеі ("тэракт". — Еўрарадыё), то МЗС абавязаны пастаянна звяртацца, высвятляць, дасылаць ноты, патрабаванні, пазовы і гэтак далей. Што, зразумела, не палепшыць адносіны”.
Версія, хто і навошта мог закідаць амбасаду “кактэйлем Молатава”, у палітыка адна — прарасійскія радыкалы з нагоды чарговага юбілею Кастрычніцкай рэвалюцыі. Верагоднасць правакацыі з боку спецслужб Зінгерыс адмаўляе.
Эмануэліс Зінгерыс: “Беларусь усё ж такі застаецца дзяржавай, а не логавам бен Ладэна. Я не ўяўляю сабе такога — гэта перавышае магчымасці маёй фантазіі”.
А вось Гінтаўтас Мажэйкіс не выключае як хуліганскіх дзеянняў нейкай дробнай радыкальнай групоўкі, так і свядомай правакацыі спецслужб.
Фота: Змітра Лукашука, belapan.com, http://www.lrytas.lt