У амбасаду ЗША вярнуўся “адзін з самых важных” супрацоўнікаў

110922 Eurafokus.mp3

У штаце супрацоўнікаў амерыканскай амбасады папаўненне: у Беларусь вярнулася кіраўнік аддзела адукацыі, інфармацыі і культуры Кэры Лі. З гэтай нагоды Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі  зладзіў адмысловы прыём, на які запрасіў дзеячаў культуры, адукацыі і журналістаў.

Майкл Скэнлан: “Адна з самых важных роляў амбасады — спрыяць кантактам паміж людзьмі. І найлепшы сродак зрабіць гэта — праз культуру, праз мову, праз мастацтва. На жаль, калі нашую амбасаду прымусілі скараціцца, два чалавекі, якія выконвалі менавіта гэтыя функцыі — спрыялі кантактам паміж нашымі людзьмі — вымушаныя былі пакінуць краіну”.




Якім чынам амбасадзе ўдалося вярнуць у Беларусь кіраўніка аддзела адукацыі, інфармацыі і культуры, Часовы павераны не ўдакладніў. Абнадзеіў, што цяпер праца па пашырэнні сувязяў паміж людзьмі будзе выконвацца не толькі больш прафесійна, але і больш шырока. Кэры Лі павітала прысутных па-беларуску.

Кэры Лі: “Цягам бліжэйшых гадоў мы зможам яшчэ больш пашырыць нашы праграмы. А ў якасці ілюстрацыі да нашых праграм хачу прадставіць маіх калег, якія знаходзяцца ў Мінску. Гэта харэографы з Вашынгтона, якія працуюць над пастаноўкай мюзікла “Вэстсайдская гісторыя” і прэм’ера якога будзе ў траўні наступнага года ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры. А таксама дзвюх дзяўчат, якія сёлета будуць працаваць у БДУ і ў Лінгвістычным універсітэце”.



Больш падрабязна пра планы сваёй працы спадарыня Кэры Лі паабяцала расказаць Еўрарадыё крыху пазней — калі “ўвойдзе ў курс спраў”.

Дарэчы, як стала вядома Еўрарадыё, амбасада можа ў хуткім часе пазбавіцца памяшкання па вуліцы Герцэна, дзе шмат гадоў месціўся аддзел адукацыі, інфармацыі і культуры: сканчаецца тэрмін арэнды. І выглядае на тое, што, як і ў выпадку з польскай амбасадай, якую высяляюць з дома па вуліцы Румянцава, арэнду амерыканскім дыпламатам падаўжаць не будуць.

Пасля афіцыйнага прадстаўлення новага супрацоўніка знаёмства з Кэры Лі перайшло ў нефармальную стадыю. Ад журналістаў на чале з Сяргеем Будкіным спадарыня Кэры атрымала свежы дыск “Тузіна гітоў” з найлепшымі песнямі беларускіх выканаўцаў.

Тым часам карэспандэнт Еўрарадыё папрасіў Часовага паверанага ў справах ЗША ў Беларусі Майкла Скэнлана пракаментаваць абяцанне прэзідэнта Беларусі працягнуць вызваленне палітвязняў. Такую заяву той зрабіў падчас сустрэчы з кіраўніцай прадстаўніцтва Еўрапейскага Саюза ў Беларусі амбасадарам Майрай Мора. Паводле словаў Скэнлана, гэта дае надзею на аднаўленне дыялога не толькі паміж афіцыйным Мінскам і Еўрасаюзам, але і ЗША.

Майкл Скэнлан: “Мы спадзяемся, што яны ўсе будуць вызваленыя і будзе рэабілітацыя. Калі гэта зробяць, як ён сказаў — мы можам пачынаць дыялог. Наша палітыка — як матэматычная формула: калі сітуацыя паляпшаецца — санкцыі змяншаюцца. Калі сітуацыя з правамі чалавека пагаршаецца — санкцыі больш жорсткія. Усё зараз залежыць ад вас. Канешне, мы хацелі б, каб сітуацыя была лепш. Каб развіваўся і ўмацоўваўся суверэнітэт і багацце Беларусі, трэба вызваліць магчымасці беларускага народа. Гэта азначае — эканамічныя і палітычныя рэформы”.




У той жа час дыпламат гаворыць, што разважаць на тэму таго, што будзе, калі нехта нешта зробіць, не мае сэнсу. У адказ на канкрэтныя дзеянні аднаго боку будуць канкрэтныя дзеянні боку другога.

Фота: Змітра Лукашука